Пакрыўдзілі студэнтак
У Віцебску ў пяць гадзін раніцы ў міліцыю па дапамогу звярнуліся дзве студэнткі, мясцовыя жыхаркі, якія расказалі, што ў забаўляльным цэнтры "Энергія" нехта скраў у іх пакінутыя без нагляду сумачкі. Шкоду дзяўчаты ацанілі адпаведна ў 2,3 мільёна рублёў і 500 тысяч рублёў. Міліцыянеры затрымалі двух вяскоўцаў. Абодва — маладыя хлопцы, беспрацоўныя. Заведзена крымінальная справа.
На чужой машыне ў суседні раёнРаніцай у Талачынскі раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар гарадскога пасёлка Коханава, які паведаміў, што ноччу нехта, падабраўшы ключ, пракраўся ў яго аўтамашыну "Фальксваген-Джэта", якая знаходзілася ў двары дома, дзе ён жыве, і сагнаў яе. Аўтамашына сігналізацыяй не абсталявана. Міліцыянерамі было ўстаноўлена, што на чужой машыне "пакатаўся" беспрацоўны, раней судзімы за крадзеж і згон мясцовы жыхар 1988 года нараджэння. Аўтамашына ў спраўным стане была знойдзена ў гарадскім пасёлку Крупкі Мінскай вобласці. Заведзена крымінальная справа.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
У лес па... дровы?Раніцай літаральна за пяцьдзясят метраў ад дзяржаўнай мяжы смаргонскія памежнікі затрымалі трох мясцовых жыхароў на аўтамабілі "УАЗ", якія, маўляў, прыехалі ў лес па дровы.
Аднак ні драўніны, ні сродкаў для яе нарыхтоўкі ў машыне не аказалася, паведамляе прэс-цэнтр Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Затое замест пілы і сякеры ў машыне знаходзіліся амаль 30 тысяч пачкаў цыгарэт з беларускімі і расійскімі акцызнымі маркамі. Паводле тлумачэння затрыманых (адзін з якіх — былы работнік праваахоўных органаў, мае судзімасць), груз яны знайшлі ў лесе і ехалі здаць яго памежнікам. Тытунёвыя вырабы агульным коштам каля 66 мільёнаў рублёў перададзены ў падатковую інспекцыю, а кожнаму з гэтай тройкі пагражае штраф да 20 базавых велічынь.
Барыс ПРАКОПЧЫК.