Вінаваты загінуў, астатнія не пацярпелі
19 чалавек, у тым ліку чацвярых дзяцей, давялося эвакуяваць выратавальнікам з-за пажару, які адбыўся ўначы ў гарпасёлку Краснаполле на Магілёўшчыне.
Як удакладнілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, пажар пачаўся ў кватэры на першым паверсе двухпавярховага васьмікватэрнага жылога дома. З-за моцнага задымлення ў пад'ездзе работнікам МНС давялося выводзіць людзей па лесвічных маршах. Ніхто з іх не пацярпеў. А вось гаспадар кватэры, дзе пачаўся пажар, загінуў. Мяркуецца, што прычынай трагедыі стала яго неасцярожнасць пры курэнні.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Сабака прыпыніў транзіт узнагарод
У рэйсавым аўтобусе Адэса — Рыга, які спынілі на пункце пропуску "Новая Гута", былі знойдзены ўтоеныя ад мытнага афармлення баявыя ордэны і медалі. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Гомельскай пагрангрупы Дзмітрый Уклейка. А палове першай ночы службовы сабака памежнікаў паказаў на груз, схаваны ў інструментальным адсеку ўкраінскага аўтобуса. Сярод канфіскаваных узнагарод — тры ордэны Чырвонай Зоркі, тры — Айчыннай вайны, адзін — Славы. У схаванай калекцыі былі таксама два медалі "За адвагу", шэсць — "За баявыя заслугі", іншыя ўзнагароды.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
браканьеры не ўцяклі
Паблізу Бярэзіны работнікі Барысаўскай міжрайінспекцыі паспрабавалі спыніць для праверкі легкавы аўтамабіль "Опель-Кадэт". Далей падзеі разгортваліся, як у пародыі на дэтэктыў.
Кіроўца не выканаў патрабавання спыніцца, а потым — падчас пераследу легкавіка — з машыны выскачылі трое грамадзян і схаваліся на прыватным падворку ў вёсцы Крацэвічы Барысаўскага раёна. У салоне аўтамабіля дзяржінспектары знайшлі пакет з рыбай. А пры аглядзе мясцовасці вакол машыны яны адшукалі яшчэ два мяхі з рыбай, а таксама вадзіцельскія дакументы і тэхпашпарт на аўтамабіль, якія выкінулі ўцекачы. Уладальнік гэтых дакументаў быў затрыманы міліцыянерамі на дарозе паміж вёскамі Крацэвічы і Ельцына. Асобу другога парушальніка таксама ўстанавілі, невядомым пакуль застаўся толькі трэці браканьер. Дарэчы, адзін з парушальнікаў раней за незаконную здабычу рыбы быў прыгавораны судом Барысаўскага раёна да выплаты штрафу ў памеры 3,5 мільёна рублёў. Зараз троіцы пагражае крымінальная адказнасць.
Сяргей РАСОЛЬКА.