У Мінску сышла з рэек электрычка на Маладзечна
У Мінску 3 лістапада ўвечары сышла з рэек электрычка, што рухалася ў бок Маладзечна. Людзі не пацярпелі.
Пра гэта паведамляе "Наша Ніва" са спасылкай на відавочцаў здарэння, якія даслалі ў рэдакцыю фотаздымкі.
Гэта адбылося на маладзечанскім накірунку, ля станцыі «Мінск-Паўночны». А калі дакладней — пад мостам, непадалёк ад выхаду са станцыі метро «Маладзёжная».
Паводле слоў відавочцаў, тры апошнія вагоны састава, які рухаўся, пераскочылі на іншы пуць, знеслі бетонную апору чыгуначнага семафора і ўрэзаліся ў рамонтны цягнічок, які стаяў на тым пуці. Пра пацярпелых не паведамляецца.
У Беларускай чыгунцы неафіцыйна пацвердзілі факт аварыі, але больш поўнай інфармацыі пакуль не маюць. Дзяжурны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях інфармацыі пра здарэнне не меў, прэс-служба МНС увечары не адказвала.
Сёння раніцай, 4 лістапада, на сайце МНС з'явілася інфармацыя пра гэтае здарэнне. У ходзе разбіральніцтва ўстаноўлена, што непадалёк ад прыпыначнага пункта «Мінск-Паўночны» ў выніку сыходжання другога вазка перадапошняга вагона на стрэлачным пераводзе з рэек сышлі колавыя пары яшчэ двух вагонаў. Пашкоджана 10 метраў чыгуначнага палатна. На момант здарэння ў электрацягніку знаходзіліся 52 чалавекі – 50 пасажыраў і 2 машыністы. У выніку здарэння пацярпелых няма. Са слоў прадстаўнікоў БЧ затрымкі ў раскладзе руху цягнікоў не адбылося.
Для ліквідацыі аварыі да месца здарэння быў накіраваны рамонтны цягнік УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі». Дапамога МНС у ліквідацыі аварыі не патрабавалася. Расследаванне праводзіць камісія УП «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі».
Апісанне сітуацыі ад аднаго з відавочцаў на форуме Анлайнер.by: "У 18.30 абыходзіў гэтую электрычку з хваста. Людзей у ёй не бачыў (асвятлення ў вагоне, што сутыкнуўся з рамонтным саставам, не было, хаця ў першых вагонах, здаецца, дзяжурнае асвятленне было ўключанае), але побач і па самой электрычцы хадзіла шмат людзей у спецадзенні. Здаецца, сутыкненне адбылося сёмым вагонам, бо менавіта да яго прыткнуты рамонтны састаў адным са сваіх кутоў. Насамрэч выглядае так, што рамонтны састаў сутыкнуўся з электрычкай, бо гэты сёмы вагон стаіць у на пераездзе з аднаго пуці на другі. Магчыма памыляюся, але падалося, што гэты самы вагон і вагоны побач з ім (спераду і ззаду) сышлі з рэйкаў — так мне падалося з-за таго, што пары колаў былі вельмі моцна зарытыя ў гравій насыпу і некалькі вагонаў былі ненатуральна нахіленыя на бок… У гэты ж самы час электрычку за першы вагон чапляў цеплавоз. Вагон, на які прыйшлося сутыкненне, выглядаў непашкоджаным (здаецца, нават памятасцяў не бачыў і бітага шкла). Спрабаваў сфоткаць на тэлефон, але нічога не атрымалася: было досыць цёмна".Паводле nn.by, 112.by.
Фота nn.by.