Замест б/к запчастак — аўтобусы

Источник материала:  
02.11.2011 — ЧП

Буйную партыю кантрабанды затрымалі супрацоўнікі Мінскай рэгіянальнай мытні на чыгуначнай станцыі Маладзечна. Пад выглядам былых ва ўжыванні аўтамабільных запчастак зламыснікі спрабавалі вывезці на тэрыторыю Мытнага саюза некалькі аўтобусаў і аўтамабіляў.

Як паведаміў начальнік мытнага паста "Маладзечна" Віталь Калачык, тавар накіроўваўся чыгуначным транспартам з Літвы праз Беларусь у Казахстан. Акрамя таго, гэтым жа эшалонам накіроўваліся заяўленыя як кузавы два ўкамплектаваныя аўтобусы маркі "Мерседэс Бенц". Пры разборы выяўлена, што на самой справе для маскіроўкі з іх былі толькі зняты лабавое шкло і фары. У сувязі з заявай няправільных звестак у таварасуправаджальных дакументах аб тавары тэхніка, ацэненая ў 630 млн рублёў, таксама канфіскавана.

Аляксандр ЯРАШЭНКА, "Мінск—Навіны".

"Мінск—Навіны". Ахвяры аварый і іх віноўнікі — зусім маладыя людзі

У Магілёўскай вобласці вынесены прысуды двум кіроўцам

У сёлетнім красавіку ў Чэрыкаве адбылася трагічная аварыя: 20-гадовы жыхар раённага цэнтра не справіўся з кіраваннем "Аўдзі". Аўтамабіль выехаў на ўзбочыну і ўдарыўся ў дрэва, у выніку загінуў 20-гадовы пасажыр. Суд прызнаў кіроўцу вінаватым у аварыі і прызначыў у якасці пакарання папраўчыя работы на 2 гады (з утрыманнем дзясятай часткі заробку ў даход дзяржавы) і пазбавіў права кіраваць транспартным сродкам на 3 гады.

Падобны выпадак, які здарыўся ў красавіку паблізу вёскі Лебядзянка Бялыніцкага раёна, таксама стаў прадметам разбору ў судзе. З кіраваннем "ВАЗа" не справіўся 23-гадовы вадзіцель: аўтамабіль з'ехаў у кювет, ударыўся ў прыдарожнае дрэва. Кіроўца атрымаў траўмы, а 20-гадовы аднавясковец загінуў на месцы. Суд і ў гэтым выпадку прызнаў кіроўцу вінаватым і пазбавіў яго волі на 3 гады, а права кіравання аўтамабілем — на 5 гадоў.

Ілона Іванова.

Колькі вяровачцы ні віцца...

На тры гады пазбаўлены волі былы выканаўца абавязкаў дырэктара ААТ "Рэчыцкая кераміка". Таксама па рашэнні Рэчыцкага суда на працягу трох гадоў ён не зможа займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых работ, паведамілі ў прэс-групе ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці. Грамадзяніна прызналі вінаватым у атрыманні хабару і растраце маёмасці. Свае карыслівыя і службовыя злачынствы мужчына здзейсніў у 2006 годзе. Пасля завядзення ў 2007 годзе ў дачыненні да яго крымінальных спраў грамадзянін знік і быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук. Яго затрымалі летась ва Украіне, а сёлета экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён і паўстаў перад судом.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Пажар з-за памінальнай свечкі

Пра загаранне ў кватэры на чацвёртым паверсе дзевяціпавярховага жылога дома па сталічнай вуліцы Нікіфарава ў 14.05 пажарным-выратавальнікам паведамілі суседзі.

У жылым пакоі аднапакаёўкі, якая належала пенсіянеру 1916 года нараджэння, загарэўся маразільнік "Мінск". У жыллі быў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, але ён не спрацаваў з-за адсутнасці ў ім батарэйкі. Работнікі МНС выратавалі з кватэры гаспадара, які з дыягназам "атручэнне прадуктамі гарэння" быў дастаўлены ў бальніцу. Стан яго здавальняючы. Высветлілася, што прычынай пажару стала пакінутая без нагляду на маразільніку запаленая свечка. Менш за тыдзень таму ў пенсіянера памерла жонка...

Сяргей РАСОЛЬКА.

Будучы педагог...

У студэнткі Баранавіцкага дзяржуніверсітэта ўкралі больш за мільён рублёў. Сумачка з грашыма знаходзілася ў аўдыторыі педагагічнага факультэта.

Падчас следства было ўстаноўлена, што ў сумачку зазірнула студэнтка БарДУ, жыхарка Слоніма.

Пусціла кватарантку...

86-гадовая пенсіянерка з п. Рэчыца (Столінскі раён) заявіла ў міліцыю, што ў яе ўкралі 800 тысяч.

Калі аператыўнікі пачалі шукаць злодзея, то спыніліся на беспрацоўнай кватарантцы, якая здымала пакой у доме пенсіянеркі.

Сымон Свістуновіч.

Збіў кіроўца без правоў

У вёсцы Галубічы Глыбоцкага раёна вечарам хлопец 1993 года нараджэння, кіруючы без вадзіцельскага пасведчання аўтамашынай "Жыгулі", здзейсніў наезд на веласіпедыста. Апошні, жыхар гарадскога пасёлка Падсвілле 1968 года нараджэння, загінуў на месцы ДТЗ.

У Еўрасаюз... без візы

Вечарам полацкімі памежнікамі паблізу населенага пункта Баліны Верхнядзвінскага раёна за знаходжанне ў пагранічнай зоне без адпаведных дакументаў былі затрыманы двое грамадзян Грузіі і трое — Рэспублікі Беларусь.

Беларусы растлумачылі, што ўвечары яны з шасцю грамадзянамі Грузіі выехалі з Полацка ў бок беларуска-латвійскага памежжа. Пазней чацвёра пасажыраў выйшлі з машыны і рушылі ў напрамку мяжы. Гэтая інфармацыя была аператыўна перададзена латвійскім калегам. Затрыманых на беларускай тэрыторыі "аформілі" ў якасці парушальнікаў пагранічнага рэжыму. Грамадзянам Беларусі выпісалі павесткі і адпусцілі. А на гасцей з Грузіі быў накладзены штраф — у памеры 525 тысяч рублёў кожнаму, яны выдвараны з памежнай зоны. У сваю чаргу, ужо латвійскія памежнікі падчас адпрацоўкі перададзенай беларускім бокам інфармацыі затрымалі ў раёне горада Краслава трох грамадзян Грузіі і грамадзяніна Азербайджана.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Ревность привела к убийству

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика