Цыгарэты плылі ў Літву
17.10.2011
—
ЧП
Плот, гружаны цыгарэтамі затрымалі 17 кастрычніка ў 5 гадзін раніцы смаргонскія пагранічнікі. Пра гэта ў інтэрв’ю “РГ” расказаў начальнік прэс-службы смаргонскай пагранічнай групы Аляксандр Колабаў.
Плот заўважылі ў Астравецкім раёне на Віліі з дапамогай партатыўнага цеплавізара “Сыч-2” падчас агляду мясцовасці: падарожжа за мяжу перапыніла плавучая загарода. Паводле інфармацыі Аляксандра Колабава, за мяжу плылі 75 карабоў цыгарэт “Прэм’ер” – 37 500 пачкаў – з беларускімі акцызнымі маркамі.
У раёне затрымання плота людзей і слядоў дастаўкі цыгарэт не знайшлі.
Цыгарэты дастаўленыя на пагранічны пост “Кемелішкі”.
Таксама ў ноч на 17 кастрычніка ў Ашмянскім раёне, непадалёк ад вёскі Грыгі, у 20 метрах ад дзяржаўнай мяжы пагранічнікі выявілі 12 мяхоў цыгарэт (5900 пачкаў).
Папярэдні кошт цыгарэт у абодвух выпадках устанаўліваецца.
Святлана ЦІШКО.
Фота забяспечана Аляксандрам КОЛАБАВЫМ.