На плошчы Бангалор у Мінску перакуліўся БМВ
Чарговая аварыя з удзелам БМВ адбылася ў ноч з нядзелі на панядзелак у сталіцы.
За рулём "БМВ" 5-й серыі знаходзіўся 22-гадовы малады чалавек. Ён рухаўся па вуліцы Багдановіча ў кірунку да плошчы Бангалор каля 3.30 ночы. На плошчы аўтамабіль наехаў на бардзюрны камень і некалькі разоў перакуліўся. Як паведаміла старшы інспектар па АіП АДАІ Савецкага раёна Мінска Марыя Дзьякава, у машыне знаходзіўся пасажыр, які змог самастойна выбрацца з "БМВ". Кіроўца атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму, а таксама разбіў твар.
— Кіроўца растлумачыў, што раён для яго быў незнаёмым. А праз нейкі час прызнаўся, што проста заснуў за рулём, бо да гэтага не спаў дзве ночы. У кіроўцы ўзялі ўсе неабходныя аналізы. Зараз высвятляецца, у якім стане ён знаходзіўся, — расказала Марыя Дзьякава.
На плошчы Бангалор ДТЗ адбываюцца нярэдка. Праўда, большасць з іх — без чалавечых ахвяр (апошні выпадак, калі ў гэтым месцы загінулі людзі, быў тры гады таму). Аналагічная аварыя з перакульваннем адбылася 25 жніўня 2011 года ў 23.40. Малады чалавек 1992 г.н. на аўтамабілі "Рэно Сцэнік" здзейсніў наезд на бардзюрны камень — машыну адкінула, і яна ўдарылася аб яшчэ адзін бардзюрны камень, пасля чаго некалькі разоў перакулілася. І кіроўца, і пасажыр значных траўмаў не атрымалі, бо былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, а вось машына аднаўленню не падлягае.
Алена АЎЧЫННІКАВА.