Добры інструмент каштуе дорага
З будоўлі шматкватэрнага дома ў Мазыры за ноч знікла спецыяльнае імпартнае прыстасаванне, якое прызначана для падрыхтоўкі і падачы да месца кладкі цэментава-пясчаных раствораў са змяшальнікам на 650 літраў. Шкода, нанесеная Мазырскаму домабудаўнічаму камбінату, складае каля Br185 млн. Пакуль вядома, што злодзей разабраў плот і пракраўся на тэрыторыю, якая знаходзіцца пад аховай.
Увогуле, апошнім часам добры інструмент і прылады для будаўніцтва прыцягваюць увагу "спецыялістаў" крымінальнага свету. У Мазыры за тую ж ноч знікла шмат сантэхнічнага абсталявання са службовага памяшкання ЖЭУ-5. У Калінкавічах невядомы злодзей выкраў чацвёра пластыкавых вокнаў з будаўнічага вагончыка. Яшчэ раней жыхары Глушкавічаў у Лельчыцкім раёне спакусіліся на будаўнічы каток "ЗККШ-6".
Лом на прыватных падворкахНа тэрыторыі Калінкавіцкага раёна за дзень выяўлена 5 пунктаў скупкі металалому, якія працавалі незаконна. Усяго супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі каля 30 тон металу на суму, якая перавышае Br33 мільёны. Гаспадары прыватных падворкаў, дзе знаходзіліся пункты скупкі металу, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Як адзначыў старшы оперупаўнаважаны УБЭЗ УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Штуцін, апошнім часам пачасціліся выпадкі незаконнага вывазу лому чорных і каляровых металаў у Расійскую Федэрацыю. У сувязі з гэтым прыкметна ўзмоцніцца работа па выяўленні такіх фактаў.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.