Масла і цыгарэты за мяжу
Каля в. Пералессе (Кобрынскі раён) супрацоўнікі міліцыі праверылі аўтамабіль "Аўдзі-100".
Кіроўца — жыхар в. Лукава, што ў Маларыцкім раёне, перавозіў без дакументаў 525 пачак масла "Сялянскае" ды амаль 11 тыс. пачак цыгарэт беларускай вытворчасці. Тавар коштам больш за 35 млн рублёў канфіскавалі.
Застаўся без цыгарэт і беспрацоўны з Брэста, якога затрымалі ў Маларыце пры спробе перавезці 79,5 тыс. пачак цыгарэт. Не пашчасціла і жыхару Гродна. Яго мікрааўтобус спынілі каля в. Клепічы (Пружанскі раён) і падчас дагляду ў ім было знойдзена 60 тыс. пачак цыгарэт.
Сымон Свістуновіч.
Загарэлася зерне кукурузы20-метровая зернесушылка ў вёсцы Нікалаеўка Буда-Кашалёўскага раёна загарэлася на досвітку.
Тут знаходзілася 40 тон кукурузы. Прычым асноўную частку атрымалася выратаваць: агнём знішчана толькі 300 кг. У прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС гавораць, што хутчэй за ўсё быў парушаны тэхналагічны рэгламент пры сушцы зерня: адсутнічала яго цыркуляцыя па шахце зернесушылкі. Магчыма, была забіта шахта, якую няякасна прыбралі пасля апошняй сушкі. У выніку ад гарачага паветра адбылося ўзгаранне зерня і шалупіння на сценцы сушыльнай камеры.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Вілы, граблі і пяць чыгуноўДа 77-гадовай пенсіянеркі з вёскі Шылін Бярозаўскага раёна ў летнюю кухню забраўся злодзей і вынес граблі, вілы, касу, рыдлёўку і нават пяць чыгуноў.
Неўзабаве знайшлі ахвотніка на чужыя прылады працы ды посуд — ім аказаўся 49-гадовы непрацуючы аднавясковец бабулі.
Яна СВЕТАВА.