У метро пад цягнік упала жанчына
Учора ў сталічным метро пад цягнік упала 60-гадовая жанчына.
Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, 12 верасня ў 14.50 на станцыі метро "Фрунзенская" 60-гадовай жанчыне стала дрэнна і яна ўпала пад састаў, які прыбываў да платформы. Жанчына засталася жывой, з пераломам рукі яна дастаўлена ў адну з клінік Мінска. Рух цягнікоў быў адноўлены, затрымка склала 18 хвілін. Вядзецца праверка, якая высветліць усе абставіны здарэння.
Алена КРАВЕЦ.
У аварыі ў Мінску пашкоджана 5 машынУчора каля 9 гадзін раніцы на вуліцы Уральскай у сталіцы адбылося ДТЗ, у якім пацярпела 5 аўтамабіляў, а двое кіроўцаў змешчана ў бальніцу.
Як паведаміла старшы інспектар па АіП АДАІ Партызанскага РУУС Таццяна Таляронак, кіроўца аўтамабіля "Таёта Карола" на вялікай хуткасці пратараніў "Рэно Меган", але не спыніўся і паехаў далей. Убачыўшы вялікі паток машын у спадарожным кірунку, ён выехаў на сустрэчную паласу. Там і адбылося лабавое сутыкненне з яшчэ адным "Рэно". Ад удару "Таёта" перакулілася на дах, а затым зноў стала на колы, зачапіўшы пры гэтым таксі, якое праязджала міма.
У "Рэно" ад лабавога сутыкнення пацярпела 28-гадовая дзяўчына, якая знаходзілася за рулём. З аўтамабіля яе выразалі выратавальнікі, у цяжкім стане яна дастаўлена ў бальніцу. Шпіталізаваны і кіроўца "Таёты". Ці быў ён п'яным, высветліць следства.
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Не спаць за рулём10 верасня ў Чавускім раёне раніцай адбылася аварыя, у выніку якой была смяротна траўмавана 56-гадовая жанчына.
Гэтай жыхарцы Віцебска трэба было ў Касцюковічы, і яна папрасіла 19-гадовага сына сваёй сяброўкі адвезці яе ў памежны райцэнтр. У маладога чалавека ёсць толькі 1,5 года вадзіцельскага стажу, і за руль мікрааўтобуса "Форд Транзіт" ён, калі шчыра, сеў не вельмі ахвотна.
Так здарылася, што каля 5 гадзін раніцы ля вёскі Рымінка мікрааўтобус сутыкнуўся з "масквічом", які спыніўся на абочыне. У выніку сутыкнення муж з жонкай з "масквіча", якія накіроўваліся на хаўтуры ў Расію, не пацярпелі. А вось "Форд Транзіт" перакуліўся, і пасажырка, якая не была прышпілена рэменем бяспекі, вылецела праз лабавое шкло. Жанчына атрымала траўму галавы і з ацёкам галаўнога мозга была ў беспрытомным стане шпіталізавана ў раённую бальніцу, дзе, нягледзячы на высілкі урачоў, праз восем гадзін памерла.
— Па гэтым факце яшчэ праводзіцца праверка, але кіроўца "форда" сказаў, што ён заснуў і страціў кантроль над кіраваннем аўтамабіля, — пракаментавала інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Магілёўскага УУС Вольга Вяршубская. — Мы просім усіх кіроўцаў у любы час сутак улічваць абстаноўку на дарозе і разлічваць свае сілы за рулём аўтамабіля.
Ілона Іванова.