ФАКТ

Источник материала:  
07.09.2011 — ЧП
Загінуў міліцыянер. Самагубства?

Каля в. Уласы пад Баранавічамі 29 жніўня на прасёлачнай дарозе знайшлі забітага 23-гадовага ўчастковага міліцыянера, які са стрэлянай ранай галавы знаходзіўся ў аўтамашыне.

Паводле папярэдняй інфармацыі, стрэл быў зроблены ў скронь з табельнай зброі. Пракуратура правярае розныя версіі, у тым ліку і самагубства.

Сымон Свістуновіч.

Юнак заснуў у сёмай выкрадзенай машыне

20-гадовы жыхар Пухавіцкага раёна спрабаваў выкрасці ў Мінску шэсць аўтамабіляў, аднак завесці змог толькі сёмы. Праўда, з-за спушчанага кола далёка з'ехаць на ім згоншчык не змог.

Як паведаміла прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Ала Галубовіч, вяртаючыся ад сяброў у Мінску, п'яны 20-гадовы жыхар Пухавіцкага раёна спрабаваў выкрасці шэсць аўтамабіляў у мікрараёне Сухарава. Дзверы ў двух з іх аказаліся адчыненымі, праўда завесці іх зламыснік не змог. А вось у сёмым аўтамабілі (ім аказаўся "Фальксваген LT") у замку быў абломак ключа. Праўда, у машыне было спушчана пярэдняе кола, і на 30-м кіламетры МКАД яно цалкам выйшла са строю. Ехаць далей малады чалавек не змог і проста заснуў у машыне. Яго разбудзілі супрацоўнікі Фрунзенскага ДАІ Мінска. Заведзена крымінальная справа за выкраданне, што цягне за сабой да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Алена КРАВЕЦ.

Пажарны шок

У ноч з 4 на 5 верасня на пажары ў горадзе Асіповічы загінула 43-гадовая жанчына. Яна жыла разам з мужчынам: пара нідзе не працавала, перабівалася выпадковымі заробкамі і выпівала. Электрычнасць у доме адключылі за няплату, але кампаніі аматараў моцнага алкаголю гэта не спыняла. Пасля нядзельнай вечарынкі, уначы пачаўся пажар на верадзе, дзе спала жанчына. Мяркуецца, што прычынай стала неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.

5 верасня аўтаномны пажарны апавяшчальнік уратаваў у падобнай сітуацыі жыццё 61-гадоваму жыхар вёскі Дразды Круглянскага раёна. Першую палову дня ён правёў у стылі "З раніцы выпіў — дзень вольны", а каб замацаваць задавальненне, пасля абеду мужчына прылёг адпачыць і закурыў у ложку. Прачнуўся ад рэзкага гуку і адкінуў коўдру, якая гарэла. Аднак у шоку ён не выклікаў выратавальнікаў і не зрабіў нічога, каб захаваць сваю маёмасць. Таму агнём практычна цалкам знішчаны дом і хлеў.

— За 8 месяцаў у Магілёўскай вобласці адбылося 728 пажараў, на якіх загінулі 112 чалавек, і больш за 90% ахвяраў на час здарэння былі нецвярозымі, — пракаментавала старшы інспектар цэнтра прапаганды і навучання пры Магілёўскім абласным УМНС Вольга Нехарошых і яшчэ раз нагадала пра аўтаномны пажарны апавяшчальнік як дзейсны сродак бяспекі.

Ілона Іванова.

Аўтобус адхіліўся — навігацыя заўважыць

Сістэма аўтаматызаванага кіравання рухам аўтобусаў з выкарыстаннем магчымасцяў спадарожнікавай навігацыі працуе ўжо амаль у 50 гарадах краіны. Бартавое абсталяванне ўстаноўлена больш чым на 3,5 тысячы аўтобусаў.

Укараненне аўтаматызаванай сістэмы кіравання з выкарыстаннем глабальнай навігацыі дазваляе павысіць, у прыватнасці, якасць паслуг, якія прапаноўваюцца насельніцтву, за кошт аператыўнага кантролю за рухам аўтобусаў, магчымасці тэрміновай замены транспартнага сродку, што выйшаў са строю на маршруце, атрымаць сацыяльны і эканамічны эфект за кошт аўтаматызацыі кантролю адхіленняў маршрутаў і графікаў аўтобусаў. Не трэба забывацца і пра такі аспект, як павышэнне бяспекі перавозак пасажыраў.

Сяргей РАСОЛЬКА.

З "Ласём" — на казулю

У паляўнічых угоддзях гаспадаркі "Лаўнікі" знайшлі рэшткі лася і казулі, пра што паведамілі работнікам Бягомльскай міжрайінспекцыі.

На месцы дзяржінспектары высветлілі, што жывёла была здабытая незаконна: па звестках названага карыстальніка палявання тут не праводзілася. На месца выклікалі міліцыю. Побач з месцам разбору туш знайшліся сляды ад аўтамабіля "УАЗ". У выніку праведзеных мерапрыемстваў быў устаноўлены падазроны — зборшчык РУП "Мінскі трактарны завод". Работнікі міліцыі канфіскавалі ў парушальніка паляўнічы карабін "Лось" калібру 7,62 мм. Лагойскім РАУС за незаконнае паляванне заведзена крымінальная справа. Шкода ад дзеянняў браканьера ацэненая ў асабліва буйным памеры — на суму больш за 5,4 мільёна рублёў (155 базавых велічынь).

Сяргей РАСОЛЬКА.

Дапамог...

60-гадовы жыхар Пінска каля в. Юзефіны на аўтамабілі "Опель Вектра" заграз на полі і пайшоў у вёску па дапамогу. На выручку яму прыехаў на а/м "Опель Кадэт" знаёмы пенсіянер, які і паспрабаваў узяць аўтамашыну на буксір.

У гэты час гаспадар "Опеля", які заграз, падкопваў пярэднія колы і апынуўся пад імі, калі памагаты пачаў рухацца наперад. Жыхар Пінска загінуў на месцы.

Устаноўлена, што кіроўца "Опель Кадэта" быў п'яны.

Сымон Свістуновіч.

←Семь валютчиков за семь дней задержали в Могилевской области

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика