Махляр, ахвяра і "аднарукі бандыт"

Источник материала:  
24.08.2011 — ЧП

Заўзяты гулец у казіно, каб атрымаць грошы на "аднарукага бандыта", праводзіў аферы з аўтамабілямі. Яго ахвярамі сталі сем чалавек, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Спачатку 52-гадовы махляр паклаў вока на ўжо далёка не першай маладосці "опель", які быў ацэнены прыкладна ў тысячу долараў, прычым з растэрміноўкай плацяжу. Прадавец атрымаў распіску з указаннем тэрміну канчатковага разліку, пасля чаго пакупнік палічыў сваю місію выкананай і з дакументамі на "колы" рушыў у невядомым напрамку. І ўжо праз пару дзён іншамарка знайшла... новага гаспадара, а большая частка выручкі была патрачана на гульнявыя аўтаматы.

Наступная ахвяра махляра развіталася з куды больш дарагой машынай, страціўшы на здзелцы пяць тысяч "зялёных" (першапачатковы ўзнос — 2400 долараў). Праўда, на гэты раз не было адзнакі аб зняцці аўтамабіля з уліку. Таму яшчэ адзін аферыст выканаў (зразумела, за грошы) падробку ў дакументах, і з такой "ліпай" машына была абменена на яшчэ больш дарагі аўтамабіль "Вольва В70". Розніцу ў кошце махляр, зразумела, абяцаў выплаціць, аднак "не паспеў": праз два месяцы, зноў жа па падробленых дакументах, і гэты транспартны сродак знайшоў новага ўладальніка. А зламыснік больш за палову выручанай сумы пакінуў у гульнявых аўтаматах.

Гэткім жа спосабам махляр "кінуў" яшчэ двух прадаўцоў, пасля чаго яго ахвярай стала нават мінская фірма па пракаце аўтамабіляў. У чарговы раз былі падроблены дакументы, і ўзяты ў часовае карыстанне "крайслер" знайшоў пакупніка ў Асіповічах. Патраціўшы частку грошай у казіно, махляр з'ехаў у Расію, аднак праваахоўнікі вярнулі яго назад.

Дарэчы, аферыст арудаваў так спрытна, што адзін з пацярпелых натыкнуўся на сваю машыну, за якую з ім яшчэ не разлічыліся, у аб'яве праз інтэрнэт. Яна выстаўлялася на продаж...

Барыс ПРАКОПЧЫК.

    За паркоўку без эвакуатара

Штодня ў Магілёве з вуліц і двароў прымусова эвакуююць дзясятак аўтамабіляў, прыпаркаваных супраць правілаў. Супрацоўнікі экалагічнага нагляду ДАІ выкарыстоўваюць апошнія месяцы эвакуатар з поўнай загрузкай, каб навесці парадак з паркоўкай у горадзе.

Ад пачатку года эвакуявана амаль паўтысячы аўтамабіляў: з іх уладальнікаў спагнаны 34 мільёны рублёў за паслугі эвакуатара і 84 мільёны штрафаў за парушэнне правілаў дарожнага руху.

Аднак нягледзячы на нятанныя паслугі эвакуатара і штрафы для аўтамабілістаў-парушальнікаў, да поўнага парадку яшчэ вельмі далёка. Вадзіцелі кідаюць свае аўто там, дзе яны перашкаджаюць праезду спецаўтатранспарту і іншых аўтамабіляў. Гавораць, што шмат чаго залежыць ад культуры ваджэння, але і ад недахопу парковачных месцаў таксама. Найбольш парушальнікаў — на вуліцах і завулках у цэнтры Магілёва.

Ілона Іванова.

І сабака не брахаў

У доме, які знаходзіцца ў вёсцы Антонава пад Баранавічамі, гаспадыня ўстанавіла сігналізацыю, якая і спрацавала.

Калі супрацоўнікі міліцыі выехалі на месца здарэння, то не ўбачылі, каб нехта ў дом улез. Зайсці ж на двор не даваў сабака.

Калі падышла гаспадыня, то міліцыянеры разам з ёю зайшлі ў дом і ўбачылі жанчыну, якая піла піва і назірала за міліцыяй. Невядомая залезла ў дом праз вакно, а вось чаму яе не зачапіў сабака, ніхто не ведае.

Сымон Свістуновіч.

Адкуль драўніна?

На аўтадарозе Лапічы — ст.Градзянка-Хутар паблізу вёскі Жорнаўка Асіповіцкага раёна работнікі ўпраўлення аператыўнага рэагавання Дзяржінспекцыі і Асіповіцкай міжрайінспекцыі спынілі для праверкі лесавоз "Урал".

Кіроўца, работнік ТАА, не змог паказаць дакументы на лесапрадукцыю, якую перавозіў. Лесавоз з грузам быў перададзены на адказнае захоўванне на Жорнаўскую эксперыментальную лясную базу Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Матэрыялы па факце крадзяжу лесу накіраваны ў Асіповіцкі РАУС — для распачынання крымінальнай справы і прыцягнення вінаватых да адказнасці.

У той жа дзень работнікамі Гомельскай аблінспекцыі паблізу населенага пункта Пірэвічы Жлобінскага раёна была выяўлена незаконная высечка 157 дрэў у ахоўных палосах аўтамабільных дарог. Паводле інфармацыі Жлобінскага лясгаса, дазвольныя дакументы на гэтую высечку не выдаваліся. Вышэйназваны ўчастак дарогі абслугоўвае ДРБУ-149. Паводле папярэдніх разлікаў, шкода склала амаль 30 мільёнаў рублёў.

  Хто скінуў ваду з вадаёма?

Слуцкі райаддзел міліцыі ўстанаўлівае асоб, якія мелі дачыненне да несанкцыянаванага скідвання вады з вадаёма.

Пра гэта здарэнне напачатку паведамілі работнікам Салігорскай міжрайінспекцыі: маўляў, невядомыя ўчынілі такое паблізу вёскі Знамя Слуцкага раёна. Дзяжінспектары на месцы ўстанавілі, што на вадаёме сапраўды нехта падняў два шлюзы. У выніку рыба разам з вадой сышла ў магістральны меліярацыйны канал.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Контрабандой везут даже тренажеры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика