Аматар катацца "пад мухай"
Віцебскага кіроўцу, якога ў чарговы раз затрымалі за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, арыштавалі на шэсць месяцаў і пазбавілі права кіраваць транспартным сродкам на пяць гадоў. Акрамя гэтага, вымусілі выплаціць частку і ранейшага штрафу — больш за 15 мільёнаў рублёў.
Яшчэ да таго, як гэты грамадзянін быў спынены ДАІ нецвярозым за рулём, ён "не сябраваў" з законам. У 22 гады яго асудзілі да 2,6 года пазбаўлення волі за рабаўніцтва. У 2008-м наш "герой" быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне ў нецвярозым стане. У выніку яго аштрафавалі і пазбавілі права кіраваць транспартам. Але ж хутка мужчына зноў папаўся на тым, што катаўся "пад мухай". Яго пакаралі папраўчымі работамі тэрмінам на год з утрыманнем на карысць дзяржавы 15 працэнтаў заробку. У 2009-м, не маючы права кіравання, малады чалавек зноў сеў за руль — як заўсёды, па "звычцы" ў нецвярозым стане. За гэта зноў прыцягнулі да крымінальнай адказнасці — аштрафавалі аж на 21 мільён рублёў (<І>600 базавых велічынь — А.П.).
Як паведаміў "Звяздзе" намеснік пракурора Першамайскага раёна Віцебска Васіль Якаўлеў, праз год, яшчэ не паспеўшы аплаціць названы вышэй штраф, мужчына зноў сеў за руль нецвярозым. І вось нядаўна яго арыштавалі на шэсць месяцаў з пазбаўленнем права кіравання транспартам на пяць гадоў і выплатай часткі ранейшага штрафу — 15 мільёнаў рублёў.
Цікава, што, як высветлілася, гора-кіроўца ехаў на аўтамабілі, які належыць яго маці.
Дарэчы, летась судамі Віцебскай вобласці былі асуджаны каля пяцісот грамадзян, якія ўчынілі аналагічнае правапарушэнне. У першым паўгоддзі гэтага года агульная колькасць крымінальных спраў па адпаведных артыкулах Крымінальнага кодэкса паменшылася на 12,5 працэнта ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Не падзялілі... няпоўнагадовуюУ міліцыю патэлефанаваў 19-гадовы жыхар в. Навасёлкі (Ляхавіцкі раён) і паведаміў, што яго сябра нехта ўдарыў нажом.
Калі аператыўная група прыбыла ў вёску пацярпелага, "хуткая дапамога" ўжо даставіла маладога чалавека ў бальніцу, дзе ён і памёр.
Падчас следства сябар загінулага, як і яго бацька з дзядзькам, імкнуліся заблытаць следчых, каб адвесці ад сябе падазрэнні, і давалі паказанні, якія не адпавядалі сапраўднасці.
Пры аглядзе хаты падазронага на адным з шасці нажоў была выяўлена невялікая плямка, якая аказалася крывёю. Следства сканцэнтравала ўвагу на бацьку і дзядзьку, і тыя ў рэшце рэшт сказалі праўду. Было ўстаноўлена, што сябры не падзялілі няпоўнагадовую. Калі адзін з іх сказаў, што тая цяжарная ад яго, другі ўдарыў сябра нажом. Дзяўчына ж заявіла, што з хлопцам не мела ніякіх адносін. Суд Ляхавіцкага раёна пазбавіў забойцу волі на 5 гадоў і 6 месяцаў.
Сымон Свістуновіч.
Падчас пажару моцна пацярпеў кіроўцаУ 22.09 пажарным паведамілі, што на аўтамабільнай стаянцы за два кіламетры ад пагранічнага пераходу "Прывалкі" адбылося ўзгаранне двух аўтафургонаў. Падчас здарэння моцна пацярпеў чалавек, былі пашкоджаны два аўтамабілі.
У Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях мяркуюць, што падзеі развіваліся наступным чынам. Кіроўца фуры "DAF" з расійскімі нумарамі перакачваў дызельнае паліва з дапамогай электрапомпы. Адбылося кароткае замыканне. Мужчына зараз знаходзіцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане: у яго апёкі 80 працэнтаў цела. У выніку пажару пашкоджана бакавая сценка аўтафургона "DAF", тэнт паўпрычэпа і часткова груз поліаміду суседняга аўтафургона "МАН" з беларускімі нумарамі. Загаранне было ліквідавана да прыбыцця падраздзяленняў МНС.
Сяргей РАСОЛЬКА.