Кіроўца джыпа: "Моцна раззлаваўшыся, я наехаў на альтанку, а затым на другія вароты"
Незвычайнае ДТЗ здарылася непадалёк ад пасёлка Калодзішчы Мінскага раёна.
— Я заблытаўся ў цемры і ў лесе і не ведаў, куды ехаць. Было каля паловы другой ночы. У стрэсавым стане я наехаў на сінія жалезныя вароты. Выйшаў з машыны і зразумеў, што моцна яе пашкодзіў. Пасля гэтага моцна раззлаваўся і паехаў прама, наехаў на альтанку, а затым на другія вароты. Аб'ехаў будынак вакол, спытаў у вартаўніка, як выехаць на МКАД, — так патлумачыў у міліцыі свае дзеянні 35-гадовы мінчанін, які на сваім джыпе "Фальксваген Туарэг" тараніў адно з мясцовых прадпрыемстваў.
— Раніцай вартаўнік рабіў абыход тэрыторыі і ўбачыў пашкоджаныя вароты і альтанку і побач знайшоў згублены нумар аўтамабіля. Супрацоўнікам ДАІ знайсці кіроўцу было нескладана, — расказала "Звяздзе" старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе Савецкага АДАІ Марыя Дзьякава. — Вартаўнік апазнаў у кіроўцы мужчыну, з якім размаўляў уначы і якому паказваў выезд на МКАД.
Прыйшоўшы раніцай у сябе, мужчына знайшоў свой "Фальксваген Туарэг" 2008 года выпуску з разбітым пярэднім бамперам, пашкоджаным пакрыццём двух левых крылаў і двух левых дзвярэй, з сарваным молдынгам левых пярэдніх дзвярэй і адарваным левым люстрам. На кіроўцу складзена чатыры пратаколы, у тым ліку за тое, што пакінуў месца ДТЗ.
Алена АЎЧЫННІКАВА.