Забіў сужыцельку

Источник материала:  
10.08.2011 — ЧП

У Віцебску 34-гадовы мужчына, якога раней судзілі за рабаўніцтва, забіў сваю грамадзянскую жонку. 30-гадовую жанчыну з траўмай галавы адвезлі ў бальніцу, дзе яна і памерла. Міліцыянеры ўстанавілі, што падчас сваркі яе моцна пабіў сужыцель, які затрыманы. заведзена крымінальная справа.

Пасажырскі цягнік збіў кароў

Пасажырскі цягнік Адлер—Санкт-Пецярбург ноччу ў Лёзненскім раёне збіў пяць кароў, якія належаць сельскагаспадарчаму прадпрыемству. У выніку аварыі рух цягніка затрымаўся менш чым на дзесяць хвілін. Высвятляецца, як жывёлы маглі "пасвіцца" ля чыгункі.

Нож да горла 2-гадовай пляменніцы

Старшакласнік з Віцебскага раёна, патрабуючы ў сястры вярнуць доўг, пагражаў зарэзаць яе двухгадовую дачку — сваю пляменніцу, а потым узарваць дом.

А ўсяго толькі сястра, якая знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, была вінная брату 30 тысяч рублёў, дваццаць тысяч з якіх раней ужо вярнула. Аднойчы школьнік сярод белага дня прыйшоў у госці да сястры і пачаў патрабаваць вярнуць астатняе. У парыве эмоцый схапіў сваю двухгадовую пляменніцу і прыставіў ёй нож да горла. Крычаў, каб грошы яму вярнулі. Потым з дзіцем на руках падышоў да газавага балона і пачаў адкручваць вентыль, пагражаючы ўзарваць дом. Але ж дарослыя, хто быў у доме, перашкодзілі і змаглі выгнаць сваяка на вуліцу. Той толькі і паспеў, што скінуць з газавай пліты абед. Маўляў, галадайце, калі жабракі такія.

Як паведаміў "Звяздзе" пракурор Віцебскага раёна Вячаслаў Скрыцкі, судом Віцебскага раёна школьнік асуджаны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі. Праўда, з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

Кавалера... патэльняй па галаве

24-гадовая даярка, жыхарка Гарадоцкага раёна, ударыла па галаве мужчыну, які спрабаваў аказваць ёй "знакі ўвагі".

Наталля (назавем яе так) пасварылася са сваім сужыцелем і прыйшла ў госці да сяброўкі, папрасілася пераначаваць. Раніцай з гаспадыняй, яе маці і мужчынам пілі піва. Мужчына нядаўна пахаваў сваю жонку. Таму, зразумела, не хапала яму жаночай ласкі. І пачаў ён, так бы мовіць, "кадрыць" Наталлю (дарэчы, цяжарную). Апошняя папярэдзіла 57-гадовага кавалера, што нічога ёй ад яго не трэба. Але мужчына быў вельмі настойлівым. Яна схапіла чыгунную патэльню са стала і пачала біць яго, назойлівага, па галаве. Потым, калі ён упаў, працягвала яго біць і пад сталом. У выніку мужчыне выклікалі "хуткую". Ён памёр ад атрыманых траўмаў у рэанімацыйным аддзяленні раённай бальніцы. Эксперты налічылі толькі па галаве каля дваццаці ўдараў.

Як паведаміў "Звяздзе" следчы па важнейшых справах следчага аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Аляксандр Макяёнак, жанчыну асудзілі — на дзевяць гадоў пазбавілі волі. Раней яна ўжо была асуджана да грамадскіх работ за крадзеж асабістай маёмасці. Пакутуе на хранічны алкагалізм. Маці яе, дарэчы, таксама адбывае пакаранне.

з нажом на жанчыну

Раней неаднаразова судзімы жыхар Наваполацка падчас прагулкі заўважыў маладую жанчыну, якая заходзіла ў пад'езд дома, і вырашыў у ліфце абрабаваць яе. Пры сабе злодзей меў кухонны нож з лязом даўжынёй аж 30 сантыметраў. Гэтым нажом "джыгіт" і пагражаў даме пасля таго, як спыніў ліфт паміж паверхамі дома. Патрабаваў, каб тая аддала свой мабільны тэлефон, але ж апарата пры ёй не было. Тады ён запатрабаваў грошы. Атрымаў усяго толькі трохі больш за 4,6 тысячы рублёў.

Як паведаміў "Звяздзе" намеснік пракурора горада Наваполацка Валерый Жамойта, асудзілі рабаўніка на сем гадоў пазбаўлення волі. І гэта за тыя "капейкі", якія ён забраў сілай. Калонія лепш, чым свабода?

Польскі кантрабандыст і цыгарэты

Супрацоўнікі Віцебскай мытні ў пункце мытнага афармлення "Урбаны" знайшлі ў грузавіку "Вольва" пад кіраваннем польскага вадзіцеля кантрабандныя цыгарэты беларускай і расійскай вытворчасці — усяго 10,4 тысячы пачак коштам больш за 30 мільёнаў рублёў. Згодна з суправаджальнымі дакументамі, грузавік ніякі груз не перавозіў.

Кантрабандыст схаваў цыгарэты ў запасных колах і двух колах восі паўпрычэпа, якая падымаецца, а таксама ў паліўным баку. Машына коштам звыш 300 мільёнаў рублёў затрымана.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Пенсіянер у казіно

У Баранавічах адзін нестары пенсіянер бавіў час у казіно па вуліцы Савецкай. І так захапіўся гульнёй ды кактэйлямі, што не звяртаў увагі на сваю барсетку, якая ляжала збоку на стале ды чакала гаспадара. Але нядоўга ляжала, бо яе з 4000 доларамі прыхапіў адзін малады наведнік установы. Выкрадальніка хутка злавілі. Пенсіянеру ж вярнулі яго грошы.

Яна СВЕТАВА.

←Наркоман обокрал 26 машин на парковках и стоянках в центре Минска

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика