І грошы прысвойваў, і здзекаваўся
Пасля таго, як супрацоўнікі ўпраўлення па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў УУС Магілёўскага аблвыканкама затрымалі майстра Магілёўскага гарадскога прадпрыемства рытуальных паслуг, выручка на прадпрыемстве вырасла на 40 працэнтаў, а па дапамогу да следства звярнуліся ў межах расследавання крымінальнай справы звыш 200 пацярпелых.
Майстар магілёўскага КУП "Прадпрыемства рытуальных паслуг" на працягу 2009-2011 гадоў злоўжываў службовымі паўнамоцтвамі і даваў указанні сваім падначаленым збіраць з грамадзян грошы за аказаныя паслугі "міма касы", пасля чаго грашовыя сродкі прысвойваў сабе. Такім чынам майстар пазбавіў прадпрыемства больш як 12 млн рублёў. Падазроны таксама здзекаваўся са сваіх падначаленых. Так, аднойчы ён даў указанне двум работнікам па чарзе легчы ў труну, пасля чаго іншыя работнікі павінны былі забіць труну і апусціць у яму на тэрыторыі прадпрыемства. Таксама ўстаноўлена, што за адмову перадаць грошы і не выхад на работу ў законны выхадны мужчына збіваў супрацоўнікаў. У дачыненні да былога майстра заведзена 12 крымінальных спраў.
Святлана БАРЫСЕНКА.