За паўгода на дарогах Беларусі загінулі 454 чалавекі
Асноўнымі прычынамі, якія вядуць да дарожна-транспартных здарэнняў з цяжкімі наступствамі, з'яўляюцца кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, перавышэнне хуткасці, выезд на сустрэчную паласу, а таксама парушэнне правіл дарожнага руху пешаходамі.
— Сітуацыя на дарогах краіны з пачатку года характарызавалася пэўнымі складанасцямі, у сувязі з чым Міністэрства ўнутраных спраў прыняло праграму пад назвай "Узаемаразуменне". Рэч у тым, што многія вадзіцелі груба парушаюць правілы і сядаюць за руль у нецвярозым стане, цалкам усведамляючы, што так рабіць нельга. Навакольныя не павінны заставацца абыякавымі, калі бачаць такія выпадкі. Трэба адзначыць, што колькасць вадзіцеляў, якія паўторна селі за руль у нецвярозым стане, узрасла. Па ініцыятыве Міністэрства аховы здароўя з 12 жніўня будзе зніжана дапушчальная норма алкаголю ў крыві з 0,5 да 0,3 праміле, — паведаміў старшы інспектар упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі МУС Беларусі Алег Ліванскі.
Са студзеня па ліпень на дарогах краіны зарэгістравана 2361 дарожна-транспартнае здарэнне. 80 працэнтаў няшчасных выпадкаў на дарогах адбываецца па віне вадзіцеляў. Самы распаўсюджаны від ДТЗ — наезд на пешахода. На другім месцы — сутыкненне транспартных сродкаў, на трэцім — ДТЗ з удзелам аднаго транспартнага сродку. Больш за 25 тысяч вадзіцеляў за першае паўгоддзе кіравалі аўто ў нецвярозым стане. Кожная пятая аварыя па віне вадзіцеля адбываецца з-за перавышэння хуткасці. Летам асабліва актуальнай становіцца праблема дзіцячага траўматызму на дарогах. з пачатку лета 19 дзяцей загінула, 282 дзіцяці атрымалі траўмы, стаўшы ўдзельнікамі дарожна-транспартных здарэнняў.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Ахвяры вады і алкаголюТаварыства ратавання на водах заклікае людзей быць вельмі асцярожнымі.
У Магілёўскай вобласці толькі 21 ліпеня патанулі два чалавекі. Каля Бялынічаў на беразе ракі малады чалавек адпачываў у кампаніі сяброў, ужываў спіртныя напоі. Потым з сяброўкай ён пайшоў плаваць і знік пад вадой. Жанчына паклікала па дапамогу, але было позна. Каб адшукаць цела мужчыны, на наступную раніцу ў райцэнтр паехала вадалазна-выратавальная група.
Яшчэ адно цела паднялі ў пятніцу раніцай з кар'ера ў магілёўскім пасёлку Брады. Асобу жанчыны яшчэ не ўстанавілі, але мяркуецца, што гэта мясцовая жыхарка, якая купалася ўначы.
Увогуле ад пачатку купальнага сезону на вадаёмах Магілёўскай вобласці патануў 61 чалавек, з якіх двое — дзеці.
Ілона Іванова.