Суд Драгічынскага раёна прыгаварыў былога міліцыянера да 8 гадоў калоніі за згвалтаванне
Цяпер ужо былы супрацоўнік Іванаўскага РАУС прызнаны вінаватым ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 2 арт. 166 "Згвалтаванне заведама непаўналетняй" і ч. 3 арт. 426 "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў" КК Беларусі. Суд назначыў яму пакаранне ў выглядзе 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з работай у органах унутраных спраў.
Акрамя таго, згодна з прыгаворам, яму трэба будзе таксама выплаціць пацярпеламу боку Br13 млн для кампенсацыі маральнага ўрону. Аднак прыгавор яшчэ не ўступіў у сілу, паколькі ў былога міліцыянера засталося некалькі дзён для падачы касацыйнай скаргі.
Крымінальная справа ў адносінах да яго была заведзена пракуратурай Брэсцкай вобласці восенню 2010 года. Міліцыянер быў абвінавачаны ў згвалтаванні 17-гадовай дзяўчыны. Фігурант справы быў звольнены са службы і ўзяты пад варту. Падставай для завядзення справы быў зварот у Пінскі ГАУС маці 17-гадовай дзяўчыны з заявай аб згвалтаванні дачкі.