"Бентлі" і "Лексус" сутыкнуліся ў цэнтры Мінска. Адзін з аўтамабіляў належыць Міхаілу Захараву?
Раніцай у нядзелю ў Мінску побач з праспектам Пераможцаў адбылося ДТЗ з удзелам двух элітных аўтамабіляў — рэстайлінгавага "Бентлі Кантыненталь" і "Лексус". Кіроўцы не пацярпелі, аднак цікава, што серабрысты "Бентлі", паводле шматлікіх крыніц, належыць знакамітаму хакейнаму спецыялісту Міхаілу Захараву.

У ДАІ не сталі каментаваць факт прыналежнасці аўтамабіля хакейнаму трэнеру, таксама не агучылі вынікі медыцынскага агляду кіроўцаў, падкрэсліўшы толькі, што такія працэдуры, "згодна з заканадаўствам", праводзіліся.
Тым часамТое, што аварыі з удзелам спартсменаў у нас здараюцца не так і рэдка, мы выдатна ведаем. Адно з апошніх гучных ДТЗ адбылося ў красавіку ў Наваполацку, калі за рулём загінуў чэмпіён Еўропы і свету сярод моладзі, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянату свету па цяжкай атлетыцы Сяргей Лагун. У 6.20 раніцы яго "Пежо-206" вынесла з шашы на абочыну, дзе аўтамабіль урэзаўся ў дрэва. Пасажыр, яшчэ адзін наш цяжкаатлет Яўген Жарнасек, быў дастаўлены ў рэанімацыю. ДТЗ разглядалася на пасяджэнні выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дзе звярталася ўвага на дысцыпліну ў камандзе па цяжкай атлетыцы. Да гэтага неаднойчы п'яным за руль садзіўся яшчэ адзін член каманды, алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў. Міністр спорту Алег Качан наракаў на дысцыпліну ў камандзе, асабліва падчас дэцэнтралізаванай падрыхтоўкі, і папрасіў трэнераў не пакідаць без увагі сваіх падапечных.
Алена АЎЧЫННІКАВА.