Выратавалі фуру з мэбляй
Пра пажар грузавога аўтамабіля амаль у 23 гадзіны ў Браслаўскае падраздзяленне МНС паведаміла грамадзянка, якая ехала міма. Здарэнне адбылося на 11-м кіламетры аўтадарогі Браслаў — Міёры, каля вёскі Рубеж.
Праз сем хвілін на месцы выратавальнікі назіралі гарэнне кабіны грузавога аўтамабіля "Volvo FH" (цягач 2001 года выпуску з паўпрычэпам), які належаў прыватнаму транспартнаму ўнітарнаму прадпрыемству з Клайпеды (Літва). Машына ішла з Клайпеды ў Маскву з грузам мэблі. Вадзіцель на момант прыбыцця знаходзіўся побач з транспартным сродкам. У выніку самастойнага тушэння пажару ён атрымаў тэрмічныя апёкі 1-3 ступені ног, рук і твару (30 працэнтаў). Брыгадай хуткай дапамогі ён быў дастаўлены ў Браслаўскую раённую бальніцу. Праз дзве хвіліны пажар быў лакалізаваны, яшчэ праз хвіліну — ліквідаваны. Дзякуючы дзеянням выратавальнікаў груз не пацярпеў. Як мяркуецца, прычына пажару — кароткае замыканне электраправодкі.
Сяргей РАСОЛЬКА.