"Заяц" з нажом...
66-гадовы "заяц" у гарадскім рэйсавым аўтобусе, не жадаючы плаціць за праезд, не толькі нахаміў жанчыне-кандуктару, але нават прыставіў да яе горла кухонны нож.
Як паведаміла "Звяздзе" старшы памочнік пракурора Першамайскага раёна Віцебска Марыя Духнова, падчас судовага пасяджэння мужчына вінаватым сябе не прызнаў. Растлумачыў, што, маўляў, так ехаў у аўтобусе раніцай, выпіў перад гэтым трохі, за праезд плаціць не хацеў, але нікому не пагражаў.
"Добры заяц" нават у судзе вёў сабе вельмі агрэсіўна і спрабаваў пагражаць пацярпелай.
На судовы прыгавор паўплываў расказ сведкі — кіроўцы аўтобуса. Той успомніў, што мужчына ехаў не адзін, а з жанчынай (як потым высветлілася, сястрой). Калі кандуктар папрасіла спыніць аўтобус і выклікаць міліцыю, пенсіянер спачатку спрабаваў збегчы — хацеў пакінуць салон разам з іншымі пасажырамі. І зноў крыўдзіў кандуктара і вадзіцеля, якія сталі на яго шляху. Каб пазбавіцца нажа, пераклаў яго ў сумку сваёй спадарожніцы. Між іншым, у яго быў яшчэ адзін нож. Міліцыя прыехала хутка.
Прыгаворам суда пенсіянер прызнаны вінаватым і асуджаны на чатыры гады абмежавання волі. Ён абавязаны выплаціць у якасці маральнай шкоды 2 мільёны рублёў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.