Махляр не разменьваўся на дробязі
27-гадовы віцябчанін "выбіваў" шматмільённыя кантракты з гандлёвымі фірмамі.
Патэнцыйных ахвяр, паводле звестак прэс-афіцэра Цэнтральнага РУУС Святланы Кабковай, сталічныя фірмы, якія рэалізуюць тавары з адтэрміноўкай плацяжу, прайдзісвет знаходзіў па інтэрнэце. Затым, прадстаўляючыся прадстаўніком гандлёвага таварыства, ён прапаноўваў прадаўцам заключыць кантракт. Між іншым, для гэтага ён меў адпаведныя дакументы і штампы, якія, зразумела ж, былі падробнымі. Падкупляла прадаўцоў і тое, што знешне малады чалавек выглядаў вельмі рэспектабельна, да таго ж добра "малоў" языком...
Вынікам умелай "апрацоўкі" работнікаў фірмаў станавіліся шматмільённыя кантракты і адгрузка прадукцыі. Толькі ў Мінску за кароткі час хітрун ад імя ТАА, якога не існавала, заключыў аптовыя дагаворы з пяццю гандлёвымі фірмамі, арганізаваў вываз тавару і яго продаж у Мінску і Віцебску. Аднак "наслядзіў" махляр не толькі ў сталіцы: у Віцебску ім таксама зацікавіліся мясцовыя праваахоўнікі за аналагічныя махінацыі, але падазроны своечасова зразумеў гэта і разгарнуў актыўную дзейнасць ужо ў Мінску. Дарэчы, каб перастрахавацца, ён таксама імкнуўся захоўваць і правілы канспірацыі: неаднаразова мяняў мабільнікі, сім-карткі, прыязджаў у фірмы на розных аўтамабілях. Не дапамагло: затрымалі прайдзісвета падчас чарговай здзелкі. Паводле меркавання следчых, зламыснік мог "засвяціцца" не толькі ў сталіцы і Віцебску, але і ў іншых гарадах краіны.
Ігар ГРЫШЫН.
Выбухнуў балон для зваркіЗдарэнне адбылося раніцай 13 красавіка ў жылым доме на вуліцы Ульянаўскай у Бабруйску.
У Магілёўскім абласным УМНС паведамілі, што работнікі прадпрыемства "Цеплаэнергетыка" рабілі зварку, і выбухнуў балон. Пацярпелі 36-гадовы майстар і 48-гадовы газазваршчык. Яны шпіталізаваныя з рознымі траўмамі. Выбухам разбіта шкло на ўваходзе ў пад'езд і на лесвічнай клетцы аднаго з паверхаў, пашкоджанні атрымалі тры прыпаркаваныя побач аўтамбілі. Прычына выбуху высвятляецца.
Ілона Іванова.
Забіў і схаваў у куфры54-гадовага жыхара в. Вуйвічы (Пінскі раён) знайшлі мёртвым у куфры.
Судова-медыцынская экспертыза ўстанавіла, што гаспадар атрымаў 5 колата-рэзаных ран сэрца і лёгкіх. Аператыўнікі выйшлі на забойцу — 36-гадовага аднавяскоўца, які пасля сумеснай выпіўкі, 4 дні таму, забіў заточаным напільнікам сабутэльніка, а цела потым схаваў у куфар.
Забойца раней ужо быў асуджаны за рабаванне.
Сымон Свістуновіч.