Аўтамабіль спыніўся на мяжы
Літоўскія памежнікі затрымалі два аўтамабілі, на якіх вярталіся дахаты беларускія грамадзяне. Аказалася, што купленыя імі ў Літве машыны былі ўгнаныя ў Францыі і Аўстрыі.
Як паведамляе літоўская прэса, аўтамабіль "Audі A6" 2007 года выпуску з бельгійскімі нумарнымі знакамі пад кіраваннем 24-гадовага беларуса быў спынены позна вечарам на кантрольна-прапускным пункце Райгардас Друскінінкайскай памежнай заставы. Праверыўшы дакументы, памежнікі ўстанавілі, што машыну ўгналі ў Францыі, і распачалі следства па справе набыцця альбо рэалізацыі набытай злачынным шляхам маёмасці. Аўтамабіль знаходзіцца на Друскінінкайскай заставе, а беларусу давялося вяртацца дамоў ні з чым.
Не праехаў у нашу краіну і таксама куплены ў Літве 27-гадовым грамадзянінам Беларусі аўтамабіль "Renault Megane" 2002 года выпуску з італьянскімі нумарамі. Машына засталася на перыяд следства на Мядзінінкскай заставе, бо высветлілася, што ў снежні 2006 года яе ўгналі ў Аўстрыі.
Сёлета літоўскія памежнікі затрымалі ўжо каля шасцідзесяці аўтамабіляў, што значацца ва ўгоне, — удвая больш у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Паводле інфармацыі Службы па ахове дзяржаўнай мяжы, летась крадзеныя "колы" затрымліваліся пераважна на мяжы з Беларуссю — 79 выпадкаў. Беларускія грамадзяне знаходзіліся за рулём 45 машын з, так бы мовіць, крымінальнай гісторыяй. Аб гэтым беларусы, набыўшы аўтамабіль на рынку альбо па аб'явах, даведваліся, як правіла, толькі ад літоўскіх памежнікаў.
У мінулым годзе літоўскія памежнікі 12 украдзеных машын спынілі на мяжы з Расіяй, 11 — на ўзмор'і, 5 — на мяжы з Латвіяй і 7 — унутры краіны. А найбольш (пасля мяжы з Беларуссю) угнаных аўтамабіляў летась затрымана на мяжы з Польшчай — 41. У асноўным гэта амаль новыя машыны, якіх законныя ўладальнікі пазбавіліся ў краінах Заходняй Еўропы, пераважна ў Германіі. Прычым па гэтай лічбе нельга меркаваць аб рэальнай колькасці крадзеных аўтамабіляў, якія трапляюць у Літву праз Польшчу. Чаму? Бо пасля таго, як Літва і Польшча сталі членамі Шэнгенскага дагавора, на мяжы адмененыя пастаянныя праверкі і памежнікі тут праводзяць толькі выбарачныя праверкі. Правяраецца толькі адзін працэнт транспартных сродкаў, што ўязджаюць у Літву з Польшчы. І, зразумела, адкрытасцю ўнутраных меж Шэнгенскай прасторы карыстаюцца не толькі законапаслухмяныя людзі, але і аўтаўгоншчыкі і іншыя злачынцы.
Барыс ПРАКОПЧЫК.