Зламыснік "наслядзіў"
Мужчына, які ўкраў у краме бутэльку гарэлкі і ўцёк, згубіў на месцы ўчынення злачынства свой пропуск з фотаздымкам.
Па дакуменце праваахоўнікі хутка вылічылі небараку, у дачыненні якога заведзеная крымінальная справа. 31-гадовага слесара аднаго са сталічных прадпрыемстваў "падвяла" гарэлка: заліўшы за каўнер, ён накіраваўся за дабаўкай, але ўжо ў краме выявіў, што грошай на бутэльку не хапае. Схаваўшы бутэльку гарэлкі ў рукаў, мужчына накіраваўся да выхаду. Падазронага пакупніка ля выхаду паспрабавала спыніць для праверкі жанчына-ахоўнік магазіна. Мужчына ж, які зразумеў, што "спаліўся", кінуўся наўцёкі. Ужо праз некалькі хвілін ён у суседнім двары спатоліў "смагу" і пайшоў дадому, дзе яго "цёпленькім" і ўзялі супрацоўнікі міліцыі. Між іншым, пакараннем за учыненае злачынства можа стаць пазбаўленне волі тэрмінам да 6 гадоў.
Ігар ГРЫШЫН.
Сяўба "па чарапку"
Гэты вядомы агратэхнічны прыём пачалі на практыцы выкарыстоўваць земляробы поўдня Гомельшчыны. "Па чарапку" — значыць, па яшчэ падмёрзлай глебе. Трактары з травянымі сеялкамі працуюць у асноўным ранняй марознай раніцай па ледзяной скарынцы. Гэта дазволіць крыху знізіць напружанасць на будучай масавай сяўбе.
Гаспадаркі Гомельскай вобласці ўнеслі пад яравую сяўбу каля 35 тыс. тон калійных угнаенняў, што складае 40% да плана. Як расказалі ў прэс-службе камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама, да правядзення веснавых палявых работ прыступіла большасць гаспадарак Гомельскай вобласці. Мяркуецца, што масавая сяўба пачнецца ў першай дэкадзе красавіка.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Дацэнт-хабарнік?
Дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання падазраецца ў атрыманні хабару. Праваахоўныя органы атрымалі ад выпускнікоў ВНУ інфармацыю, што гэты выкладчык сістэматычна атрымліваў ад студэнтаў грошы за станоўчае вырашэнне пытанняў па экзаменах, заліках, абароне курсавых работ. Сумы, паводле папярэдняй інфармацыі, даходзілі да 2-х тысяч долараў з адной навучальнай групы за год. Расследуецца крымінальная справа.
Ул. кар.