Малады чалавек загінуў, пратараніўшы тралейбус, таксі і мікрааўтобус
    24.02.2011
     —
    ЧП
  
    21-гадовы кіроўца загінуў учора ў Мінску падчас аварыі, у якой ён пратараніў  тралейбус, таксі і мікрааўтобус. Яго пасажыр цудам выжыў.   Як расказаў "Звяздзе"  інспектар аддзела па агітацыі і прапагандзе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Вячаслаў  Ліпень , 23 лютага каля 7 гадзін раніцы кіроўца 1989 г.н. на аўтамабілі "Шкода" рухаўся  па вуліцы Шаранговіча з боку вуліцы Цімашэнкі ў кірунку вуліцы Гарэцкага. Перад  скрыжаваннем з вуліцай Якубоўскага машына ўехала ў тралейбус. Але пашкоджанні  былі невялікімі, і кіроўца вырашыў з месца здарэння з'ехаць. Уцякаючы, ён ударыў  таксі "Дача", якое рухалася па левай паласе.    Пасля гэтага кіроўца працягваў рух па вуліцы Шаранговіча. Каля дома № 119 ён  не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з мікрааўтобусам  "ГАЗ Собаль". Пашкоджанні атрымалі кіроўцы абодвух аўтамабіляў, 2 пасажыры мікрааўтобуса  і пасажыр "Шкоды". Пакуль выратавальнікі з дапамогай спецабсталявання даставалі  пацярпелых у "Шкодзе", кіроўца загінуў. Чацвёра астатніх пацярпелых з пашкоджаннямі  рознай ступені цяжкасці дастаўленыя ў сталічныя бальніцы.  Алена АЎЧЫННІКАВА.