Кіроўца аштрафаваны на 21 мільён рублёў
Такое пакаранне, разам з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў, суд Кастрычніцкага раёна г. Гродна вызначыў 30-гадоваму жыхару абласнога цэнтра, які неаднаразова затрымліваўся за рулём у нецвярозым стане. Аб гэтым карэспандэнту "Звязды" паведамілі ў абласной Дзяржаўтаінспекцыі.
У лістападзе мінулага года, ноччу Б. на аўтамабілі "БМВ" з вялікай хуткасцю рухаўся па горадзе і на праспекце Кляцкова быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. Спрабуючы пазбегнуць адказнасці, ён перасеў з вадзіцельскага сядзення на задняе пасажырскае, а пасажыр заняў яго месца. Аднак гэты "нумар" не застаўся незаўважаным, і кіроўцу запрасілі для разбору ў патрульны аўтамабіль. А медыцынскі агляд пацведзіў факт знаходжання Б. у п'яным выглядзе.
І ўжо не ўпершыню. У кастрычніку 2009-га судом Ваўкавыскага раёна ён ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за паўторнае на працягу года кіраванне транспартам у нецвярозым стане. Але, відаць, пакаранне (штраф у памеры 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў на пяць гадоў) зноў не падзейнічала. І паколькі Б. здзейсніў наўмыснае злачынства, ужо маючы судзімасць і адбываючы пакаранне, суд не толькі вынес вышэйзгаданыя санкцыі, але і прызнаў у яго дзеяннях наяўнасць рэцыдыву.
Такая ж перспектыва не выключана, калі нарэшце не перагледзіць свае паводзіны, і ў дачыненні 37-гадовага гродзенца М. Спачатку за язду ў нецвярозым стане яго аштрафавалі на 1 мільён 50 тысяч рублёў, а затым, ужо не маючы вадзіцельскіх правоў, ён зноў сеў за руль "пад градусам", за што атрымаў штраф 12 мільёнаў 250 тысяч рублёў. Прычым, калі ў вызначаны тэрмін парушальнік не заплаціць, прыйдзецца развітацца з двума аўтамабілямі, на якія накладзены арышт.
А вось для 26-гадовага Б. "п'яная" язда ў вёсцы Новая Руда Гродзенскага раёна з хуткасцю 110 кіламетраў у гадзіну закончылася аварыяй. Аўтамабіль "Аўдзі" апынуўся ў кювеце, перакуліўся, і тры пасажыры атрымалі цяжкія траўмы. Суд на 2,5 года пазбавіў кіроўцу волі з адбыццём пакарання ў калоніі ва ўмовах пасялення.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Выратавалі чалавека, эвакуявалі — 25
Пажар у кватэры на трэцім паверсе дзевяціпавярховіка па вуліцы Герасіменкі ў Мінску здарыўся а палове дзясятай гадзіны вечара.
Работнікі МНС з жылля выратавалі жанчыну, якой да прыбыцця брыгады хуткай дапамогі праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, паколькі пацярпелая знаходзілася ў непрытомным стане. З дыягназам "атручэнне прадуктамі гарэння" яна была шпіталізаваная. А з вышэйразмешчаных паверхаў дома было эвакуявана 25 чалавек. Мяркуецца, што прычынай здарэння стала неасцярожнасць з агнём пры курэнні сужыцеля пацярпелай.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Вада вясну чуе
Нягледзячы на лютаўскія маразы, вада на Прыпяцкім Палессі хоць і запаволена, але паступова працягвае падымацца. Цяпер у раёне вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага раёна яе ўзровень складае 544 см, што вышэй за небяспечны на 44 см. Назіраецца ледастаў з палонкамі. Прыпяць ля Петрыкава паднялася да ўзроўню 814 см (небяспечны — 780 см). Тут назіраецца няпоўны ледастаў з рэдкім крыгаходам. Усяго па Гомельскай вобласці падтоплена 15 населеных пунктаў. У іх вада дабралася да 3 жылых дамоў (у Петрыкаве), 81 падворка, 15 сельскагаспадарчых пабудоў. Агульная плошча падтаплення складае некалькі больш за 2 га. Эвакуацыя жыхароў падтопленых падворкаў і жывёл не патрабуецца, паведамляюць у прэс-службе Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Вось і заключай дагавор...
Прыватнае прадпрыемства "Лірык" заключыла з грамадзянамі дагавор на долевае будаўніцтва жылога 34-кватэрнага дома з крамай і падсобнымі памяшканнямі па вул. Брэсцкай у Баранавічах.
Пры будаўніцтве былі дапушчаны грубыя парушэнні праектнай дакументацыі, а гэта прывяло да нанясення страт 21 удзельніку долевага будаўніцтва на суму 283 мільёны рублёў. Па матэрыялах расследавання заведзена крымінальная справа.
Сымон Свістуновіч.