Выратаваў апавяшчальнік... з суседняй кватэры
У цэнтр аператыўнага кіравання пры Мінскім гарадскім упраўленні МНС паступіла паведамленне пра пажар у кватэры, размешчанай на першым паверсе дзевяціпавярховага жылога дома па вуліцы Галадзеда. Тэлефанавалі самі жыльцы шматпавярхоўкі.
Аднак прыбыўшае падраздзяленне ніякіх знешніх прыкмет пажару не назірала (вокны кватэры выходзілі на супрацьлеглы бок дома). І толькі падчас разведкі было выяўлена загаранне хатняй маёмасці ў аднапакаёвай кватэры. З яе з дыягназам "атручэнне прадуктамі гарэння" ў стане алкагольнага ап'янення былі выратаваны гаспадар жылля 1958 года нараджэння, непрацуючы грамадзянін і грамадзянка 1954 года нараджэння, пенсіянерка. Яны былі дастаўленыя ў бальніцу хуткай дапамогі.
Высветлілася, што гэтая кватэра была абсталяваная пажарным апавяшчальнікам, які яшчэ ў 2008 годзе ўстанавіў ЖЭС-39. Аднак ён не спрацаваў па прычыне адсутнасці элемента сілкавання. На шчасце, суседзі аказаліся больш адказнымі людзьмі і свой апавяшчальнік утрымлівалі ў належным парадку. Гэта і дазволіла ім даведацца пра пажар у іншай кватэры і папярэдзіць магчымыя чалавечыя ахвяры.
Сяргей РАСОЛЬКА.