П'яная выкладчыца з раніцы "на колах"

Источник материала:  
05.02.2011 — ЧП

У Мінску затрымалі жанчыну, якая ў стане алкагольнага ап'янення везла на машыне дзіця ў садок

32-гадовую парушальніцу, якая працуе выкладчыцай у школе, інспектары ДПС АДАІ Савецкага РУУС на пачатку дзявятай раніцы спынілі на вуліцы Бяды. Як паведаміла карэспандэнту "Звязды" старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Савецкага РУУС Марыя Дзьякава, "вызначылася" жанчына тым, што кіравала аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення: у яе крыві было знойдзена 1,85 праміле алкаголю (больш як паўбутэлькі гарэлкі). У аўтамабілі, акрамя кіроўцы, знаходзілася і маленькае дзіця, якое жанчына везла ў дзіцячы садок. Паводле слоў парушальніцы, "гарачыцельныя" напоі яна спажывала разам з гасцямі напярэдадні. Як адзначаюць у АДАІ, летась толькі на тэрыторыі Савецкага раёна Мінска было затрымана 40 кіроўцаў-жанчын, якія знаходзіліся за рулём аўтамабіляў "пад градусам".

Ігар ГРЫШЫН.

Дзяцей выратавала суседка

Каб не суседка, трагедыяй мог бы скончыцца пажар у доме 39-гадовай жыхаркі вёскі Глінна Іванаўскага раёна 3 лютага. Гэта ж трэба было так скласціся абставінам, каб стаць чыста хрэстаматыйным прыкладам для тых, хто займаецца праблемнымі сем'ямі... Але аб усім па парадку. Гаспадыня дома пайшла да ўчастковага інспектара міліцыі, каб паскардзіцца на беспрабуднае п'янства сужыцеля і папрасіць парады. А на год маладзейшы сужыцель тым часам лёг адпачываць нападпітку і па звычцы закурыў. Гэта было а палове трэцяй дня. Калі чалавек задрамаў, а цыгарэта ўпала з рук, загарэлася пасцель, іншыя рэчы. Двое старэйшых дзяцей былі ў школе, малыя хлопчык і дзяўчынка заставаліся дома.

Дым заўважыла суседка Святлана Прус. Яна кінулася ў хату, найперш вывела дзяцей, а затым і гора-курца. Яна ж выклікала і пажарных. Калі прыехалі машыны, палала ўжо на даху. Як расказаў карэспандэнту "Звязды" памочнік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей МАШНОЎ, пажар утаймавалі за 14 хвілін. Але жыллё шматдзетнай маці значна пацярпела. Выратавальнікі высветлілі і такі факт: у доме быў устаноўлены пажарны апавяшчальнік з вывадам сігналу на фасад дома, але "гаспадар" яго адключыў.

Цяпер адзіная законная гаспадыня дома павінна давеку быць удзячнай пільнай і бясстрашнай суседцы, а пра мэтазгоднасць далейшага знаходжання побач сужыцеля ёсць сэнс падумаць.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

Гастралёры з Гомельшчыны

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі УУС Брэсцкага аблвыканкама, у вобласці затрымана група цыганоў з Гомельшчыны, якія гастралявалі па Брэстчыне і абіралі людзей.

Да жыхаркі в. Волавень Драгічынскага раёна зайшла цыганка, прапанавала купіць куртку і тут жа заявіла, што бачыць у хаце сурокі, а калі іх тут жа не зняць, то бяды не пазбегнуць.

Гаспадыня, маці дваіх дзяцей (мужа дома не было), зняла з сябе залатыя завушніцы з пярсцёнкамі і перадала цыганцы. Тая нешта пашаптала і з'ехала разам з памагатымі, што сядзелі ў "Жыгулях". Толькі вечарам жанчына спахапілася і заявіла ў міліцыю. Супрацоўнікі Драгічынскага РАУС праявілі аператыўнасць і неўзабаве выйшлі на адзін з дамоў у в. Заплессе, якая знаходзіцца на мяжы з Іванаўскім раёнам, — там гастралёры заначавалі. Вось тут і затрымалі 45-гадовую жыхарку Калінкавічаў, якая ўжо паспела надзець пярсцёнкі пацярпелай на свае пальцы.

Устаноўлена, што гомельскія гастралёры "вандравалі" па Брэстчыне некалькі сутак і іх ужо затрымлівалі супрацоўнікі ДАІ за парушэнне правілаў руху на тэрыторыі Баранавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў. Ёсць падазрэнне, што ад ашуканцаў пацярпелі і іншыя жыхары вобласці, таму пацярпелым неабходна звярнуцца ў бліжэйшы райаддзел міліцыі.

Сымон Свістуновіч.

←Гомельская проводница перевозила нелегалов в межпотолочном перекрытии вагона

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика