Загарэўся старэнькі "Рэкорд"
Пра пажар у кватэры па вуліцы Зялёнай у Слоніме выратавальнікам паведаміў мінак: ён заўважыў дым, што ішоў з вокнаў.
Па прыбыцці на месца падчас разведкі пажарныя-выратавальнікі ў адным з пакояў знайшлі пажылую гаспадыню. З дыягназам "атручэнне прадуктамі гарэння" яна была шпіталізаваная. Як потым высветлілася, жанчына амаль увесь час бавіла перад тэлевізарам. Старэнькі трыццацігадовы "Рэкорд" у нейкі момант не вытрымаў нагрузкі і загарэўся.
Гаспадыня сама спрабавала яго тушыць, аднак агонь пачаў распаўсюджвацца па кватэры. Імкнучыся выратаваць сваё небагатае дабро, пенсіянерка засталася ў задымленым памяшканні да прыезду выратавальнікаў. Выходзіць, каб не той мінак, яшчэ невядома, чым бы магло скончыцца гэтае здарэнне.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Браў усё...У в. Крывошын (Ляхавіцкі раён) невядомы ноччу адключыў сігналізацыю ў мясцовай краме, затым выламаў дзверы і браў усё, што пад руку трапіла: абутак, бялізну, цыгарэты, прадукты...
Злодзея, які вынес тавару на 4 млн рублёў, шукаюць.
Сымон Свістуновіч.