Ракавая расколіна
Два пажары ў Магілёўскай вобласці, якія адбыліся 2 лютага, звязаны з пячным ацяпленнем.
У Бабруйску 38-гадовы мужчына пакінуў на ноч адкрытыя дзверцы ў катле — з топкі выпалі вуглі і справакавалі пажар. У выніку гаспадар і яго 30-гадовая сяброўка вымушаны былі чакаць прыезду выратавальнікаў МНС у самым далёкім ад ачагу пажару пакоі, бо шляхі да выхаду адрэзалі дым і агонь. З суседніх кватэр з-за пагрозы задымлення давялося эвакуяваць людзей.
Тым жа вечарам, паведамілі ў Магілёўскім абласным УМНС, у пасёлку Татарка Асіповіцкага раёна 65-гадовая жанчына адчула пах дыму, які ішоў аднекуль з даху. Прычынай пажару, лічаць спецыялісты, стала расколіна ў дымаходзе. Ніхто не пацярпеў, але агнём часткова пашкоджаны дах і перакрыцці дома. Пажар адбыўся а 10-й гадзіне ўвечары. І добра, што не пазней, калі б усе жыхары дома, у тым ліку і 2-гадовае дзіця, ужо адпачывалі.
Ілона Іванова.