Рабаўнікі забралі ў мінчука 37 тысяч даляраў
34-гадоваму жыхару Мінска вярнулі доўг у 37 тысяч даляраў. Гэтую радасную падзею ён вырашыў адзначыць добрай гульнёй. Пайшоў у казіно на Партызанскім праспекце, прыхапіўшы ўсю суму. Прычым наяўнасць немалых грошай не вельмі хаваў ад навакольных.
У тым самым казіно адпачывалі трое сяброў з крымінальным мінулым. Звярнуўшы ўвагу на «багаценькага Бураціну», маладыя людзі для пачатку згулялі з ім пару партый у покер, а потым прапанавалі разам паехаць у «круцейшае» казіно. Вельмі дарэчы -- адзін з прыяцеляў быў з машынай.
Падазрэнні ў шчаслівага ўласніка 37 тысяч з"явіліся пасля таго, як аўтамабіль новых знаёмых накіраваўся не ў цэнтр, а ў бок лесапаркавай зоны за ўнівермагам «Беларусь». Выбраўшы момант, калі машына прыпынілася, мужчына выскачыў з яе. Аднак хлопцы былі спрытнейшыя, у выніку чаго даляры перайшлі ў іх кішэні. Пасля экспрапрыяцыі трыа збегла ў невядомым кірунку.
Цяпер адзін са зламыснікаў затрыманы, асобы двух іншых высветленыя, іх шукаюць. У дачыненні да падазраваных распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 206 Крымінальнага кодэкса («Рабаванне, учыненае групай асобаў у асабліва буйным памеры»).
Тамара Рулінская, прэс-афіцэр Заводскага РУУС