Фінансавыя аферысты
Злачынная група ажыццяўляла незаконныя аперацыі па абнаяўліванні грошай
Як мяркуецца, яе паслугамі карысталіся сотні прадпрыемстваў і арганізацый, у асноўным сталічных. Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" у прэс-службе Камітэта дзяржкантролю, спынілі дзейнасць злачынцаў супрацоўнікі фінансавай міліцыі Віцебскай вобласці.
Каб "працаваць" з ахвотнікамі абмінуць закон, удзельнікі злачыннай групы стварылі некалькі юрыдычных асоб, а таксама зарэгістравалі дзясяткі індывідуальных прадпрымальнікаў. Прычым афармлялі падстаўныя фірмы на асоб, якія вялі асацыяльны спосаб жыцця, ці студэнтаў. Кліентамі ж зламыснікаў станавіліся кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, якім, як правіла, патрабаваліся фіктыўныя дакументы для надання законнасці набытаму альбо рэалізаванаму за наяўны разлік тавару. Работы па падрыхтоўцы неабходных несапраўдных дакументаў бралася выканаць злачынная група, пры гэтым грошы, што паступалі ад кліентаў, праводзіліся праз падкантрольныя яе арганізатарам падстаўныя фірмы і абнаяўліваліся. Пэўны працэнт з гэтай сумы даставаўся ўдзельнікам злачыннай групы, а астатняя сума перадавалася наяўнымі грашыма кліентам.
На цяперашні час арыштавана ўжо пяць актыўных удзельнікаў злачыннай групы і высвятляюцца асобы іншых, хто меў дачыненне да яе дзейнасці. У зламыснікаў канфіскавана 3 дарагія аўтамабілі, чорная бухгалтэрыя, дакументацыя і пячаткі падстаўных фірмаў, 44 тысячы долараў ЗША і больш як 130 мільёнаў рублёў. Арыштаваныя 83 падкантрольных арганізатарам злачыннай групы лжэпрадпрымальніцкіх структур, праз якія праводзіліся незаконныя фінансавыя аперацыі. Ужо даказана, што толькі за апошнія дзевяць месяцаў праз падкантрольныя аферыстам лжэпрадпрымальніцкія фірмы было пералічана каля 50 мільярдаў рублёў. Між іншым, як мяркуецца, дзейнічала гэтая злачынная група на працягу апошніх пяці гадоў.
Ігар ГРЫШЫН.