Аўтакатастрофа Дубаўца й Сапач: фоты з месца трагедыі

Источник материала:  
28.12.2010 15:47 — ЧП
Сяргей Дубавец і Таццяна Сапач трапілі ў аўтакатастрофу. Сяргей Дубавец трапіў у шпіталь, яго жонка Тацяна загінула.

 © © Alytaus apskr. VPK

 © © Alytaus apskr. VPK

 © © Alytaus apskr. VPK

Літоўская дарожная паліцыя распаўсюдзіла папярэднюю інфармацыю пра здарэнне пад Алітусам, што на поўдзень ад Вільні. Трагедыя адбылася 27 снежня поначы, каля 21.20.

51-гадовы Сяргей Дубавец ехаў за рулём сваёй Subaru Impreza. Машыну занесла на слізкай дарозе і выкінула на сустрэчную паласу. Там яна сутыкнулася з сустрэчным "VW Transporter", якім кіраваў 27-гадовы жыхар Алітуса.

Таццяна Сапач загінула на месцы, абодва кіроўцы засталіся жывыя.

* * *

Развітанне з журналісткай Таццянай Сапач пройдзе ў сераду, 29 снежня, у Вільні. Пачнецца а 14-й, у 5 зале па вул. Аланду, 22.

* * *

Таццяна Дубавец (літаратурны псеўданім — Сапач) была ягонай жонкай. Яна вядомая як паэтка, журналістка.

Яна нарадзілася 26 жніўня 1962 году ў вёсцы Маркава (Маладэчанскі раён). На бацькаўшчыне ў яе засталіся сваякі.

Яна была рэдактаркай і аўтаркай праграмы «Віленскі сшытак» на Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі (з 1991). Разам з Дубаўцом яны супрацоўнічалі з радыё «Свабода».

У 1992 годзе выйшаў яе зборнік паэзіі «Восень». У 2008 — «Няхай не пакіне нас восень». Тоненькі сшытак «Восень» зрабіў Таццяну ўлюбёнкай аматараў паэзіі. Яе вершы ператварыліся ў песні гурту «Новае неба».

Ад часу паступлення ва ўніверсітэт Таццяна Сапач далучылася за руху за незалежнасць. Была ўдзельніцай першых падпольных незалежніцкіх студэнцкіх гурткоў. Там і пазнаёмілася з Сяргеем. Гэта была гісторыя вялікага кахання на фоне вялікай гісторыі. Разам яны пераехалі ў Вільню, каб аднавіць віленскі беларускі асяродак. Сапач была адной з аўтарак эпахальнай «Нашай Нівы» пачатку 90-х.

Апошні раз яна з’явілася ў «Нашай Ніве» подпісам пад зваротам з патрабаваннем вызваліць Някляева.

* * *

Тацяна Сапач

Калі ўдача цябе пакіне,
і жана дарагая, і дочкі,
за гарой застанецца Вільня,
за гарою прачнешся аднойчы
у пакоі, між мяккіх цацак,
і вясёлых, з карункамі, кніжак.
Нешта можа заўжды заставацца
для жывых. І для іншых.

Адзінота

О, гэта ноч! Стамляюцца мяняцца
сляпыя вочы вечных святлафораў.
І аціхаюць шолахі шалёных
з апаленымі крыламі мятлух,
і ўладны над дарогай павадыр
няшчаснага вандроўніка-нябогі
са смехам і шкадобаю камечыць ручнік,
што звязваў рухі іхных рук…
О, гэта ноч! І заміраюць шэпты
шчаслівых і зняможаных каханкаў,
і прачынаецца і тут гасцюе сон.

І зараз мне няма куды спяшацца —
падлічаны учора страты ловаў,
і меч яшчэ не высах ад крыві,
і значыць, можна жыць цяпер спакойна.
Да часу! Будзе дзень, і будзе дзея,
і той, хто быў сляпы, відушчым стане,
і будзе наш нябога ўладаром…
А толькі мне няма куды
і ўжо даўно няма куды ісці —
там
нехта ёсць,
і я яго баюся.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да спачуванняў Сяргею Дубаўцу і ўсёй сям’і. Гора Ваша нязмернае.

Падзяліцца навіной: 
МБ

←Правительство Великобритании планирует штрафовать аэропорты за перебои в работе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика