У Камянецкім раёне адбыўся прарыў магістральнага трубаправода

Источник материала:  
23.12.2010 11:12 — ЧП
У Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці адбыўся прарыў магістральнага трубаправода Мазыр — Брэст.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі, 22 снежня ў 19.53 у МНС ад мясцовых жыхароў сталі паступаць паведамленні пра тое, што каля вёскі Грушаўка ў раёне магістральнага нафтаправода Мазыр — Брэст назіраецца факельнае гарэнне.

Да месца аварыі былі накіраваны сілы і сродкі МНС і канцэрна «Белнафтахім».

Паводле папярэдніх звестак, з нафтаправода вылілася прыблізна 70 куб. метраў нафты, якая разлілася на плошчы 1,2 гектара. Разлітая нафта загарэлася. На месцы здарэння былі выкананы работы па арганізацыі загараджальнага абвалавання са снегу і грунту. У 20.43 аварыя была лакалізавана, у 1.15 23 снежня пажар быў поўнасцю ліквідаваны.

Пагрозы населеным пунктам (вёска Грушаўка знаходзіцца на адлегласці 2 км) і трапляння нафты ў экасістэмы водных аб’ектаў (найбліжэйшая водакрыніца — возера Ажыннікі на адлегласці 3,5 км) няма, запэўнілі ў МНС.

Паводле інфармацыі на раніцу 23 снежня, сіламі аварыйна-аднаўленчых службаў вядуцца работы па запампоўванні нафты, якая выцекла, у паралельны нафтаправод. У ліквідацыі аварыі задзейнічана 51 адзінка тэхнікі і 139 чалавек, з іх 33 адзінкі тэхнікі і 93 работнікі МНС.

На месцы працуе камісія па ўстанаўленні прычын аварыі. 22 снежня на гэтым участку нафтаправода праводзіўся капітальны рамонт з распрацоўкай грунту экскаватарам, заменай ізаляцыйнага пакрыцця з прымяненнем дызель-генератарнай устаноўкі.

Падзяліцца навіной: 
Марына Носава, Ларыса Шыганава, БелаПАН

←В минской гостинице «Европа» обворовали наблюдателя ОБСЕ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика