Сачыў за пенсіянеркай ад банка
Зламыснік зацікавіўся жанчынай, якая ў касе аддзялення аднаго з банкаў у Мінску атрымала грошы, і вырашыў адняць у яе ўсю суму.
Каб ажыццявіць задуманае злачынства, паводле звестак прэс-афіцэра Ленінскага РУУС Сяргея Козела, 21-гадовы жыхар сталіцы пайшоў за пенсіянеркай, а пасля разам з патэнцыйнай ахвярай зайшоў у пад'езд аднаго з дамоў па вуліцы Пляханава. У пад'ездзе нахабнік сілай вырваў з рук жанчыны дамскую сумку, у якой ляжала 450 тысяч рублёў. Між іншым, гэтыя грошы ён перад тым, як яго затрымалі праваахоўнікі, паспеў патраціць на набыццё зімовай курткі і штаноў, а астатнія прайграў у гульнявых аўтаматах. У дачыненні падазронага заведзена крымінальная справа за рабаўніцтва, яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Ігар ГРЫШЫН.