У Брэсце п'яны таксіст напаў на прадаўца, а затым пратараніў аўтамабілем дом

Источник материала:  
10.12.2010 — ЧП

Адразу па чатырох артыкулах — хуліганства, нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення і па факту ДТЗ — хутчэй за ўсё будзе прыцягнуты да адказнасці таксіст аднаго з прыватных прадпрыемстваў Брэста. Аб гэтым БЕЛТА паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук.

28-гадовы мужчына прыкладна а палове чацвёртай раніцы з двума пасажырамі ў салоне аўтамабіля пад'ехаў да прадуктовага магазіна на вуліцы Сікорскага. Зайшоў ён у магазін адзін, штосьці ў яго паводзінах не спадабалася адміністратару магазіна, і той выставіў яго за дзверы. З такімі адносінамі да сябе мужчына не змірыўся, узяў з багажніка малаток, вярнуўся ў магазін і пачаў збіваць свайго "крыўдзіцеля". Пачалася бойка — у магазіне націснулі "трывожную кнопку".

На момант прыезду на месца здарэння супрацоўнікаў дэпартамента аховы раз'юшаны таксіст ужо ўцёк, аднак відавочцы інцыдэнту машыну запомнілі. Знайсці таксі "Пежо" чорнага колеру ў начным горадзе не цяжка. Дапамог у пошуку і сам парушальнік спакою. Прамчаўшыся па вуліцы Сікорскага, на скрыжаванні з вуліцай Пушкінскай ён не справіўся з кіраваннем і пратараніў драўляны дом, разбурыўшы часткова сцяну, пашкодзіўшы ў пакоі батарэю ацяплення і тумбачку, што стаяла побач. На шчасце, машына, з'ехаўшы з праезнай часткі, зачапіла дрэва — гэта крыху змякчыла наступны ўдар, і ніхто ў салоне таксі ў выніку ДТЗ не пацярпеў. Няма пацярпелых і ў кватэры, куды трапіў аўтамабіль. Супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі на месца ДТЗ, пазналі "Пежо", якое на той момант было аб'яўлена ў вышук.

Мужчына затрыманы, па выніках медыцынскага агляду ў яго крыві знойдзена 1,5 праміле алкаголю, праводзіцца праверка, вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.

←Недосмотрели

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика