10-класнік з Мінска угаварыў 15 незнаёмцаў браць для яго ў крэдыт ноўтбукі і тэлефоны
Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама, схема дзеянняў дзесяцікласніка, з аднаго боку, была не вельмі мудрагелістая, з іншага — патрабавала ўмелай псіхалагічнай апрацоўкі ахвяры. Такімі ў большасці выпадкаў станавіліся грамадзяне, якія знаходзіліся ў стане лёгкай ступені алкагольнага ап’янення.
Пачыналася ўсё з таго, што падлетак, які, дарэчы, выглядае значна старэйшым за свае гады, знаёміўся з чалавекам. Падчас даверлівай гутаркі высвятлялася, што ў маладога чалавека ёсць невырашальная праблема. Ён, маўляў, расійскі падданы, а ў Мінску знайшоў мадэль ноўтбука (мадэма, мабільнага тэлефона і г.д.), якую даўно шукаў. Поўнай сумы грошай для набыцця рэчы пры сабе няма, але ён гатовы скарыстацца крэдытам, які, у сваю чаргу, не можа аформіць на сябе, бо з’яўляецца грамадзянінам іншай дзяржавы. Пры гэтым махляр умудраўся ўваходзіць у давер да фактычна незнаёмых людзей, і яны пагаджаліся аформіць крэдыт на сваё імя. Узамен аказанай паслугі юнак прапаноўваў невялікую грашовую ўзнагароду, як правіла 30–50 тысяч беларускіх рублёў, а таксама абяцанне своечасова пагашаць крэдыт.
Атрымаўшы на рукі дагаворы, ноўтбукі (мадэмы, мабільныя тэлефоны і г.д.) малады чалавек выказваў падзяку свайму дабрадзею і спяшаўся знікнуць.
Праз некаторы час даверлівым гараджанам сталі паступаць званкі і паведамленні з патрабаваннямі пагасіць запазычанасць па крэдыце. Толькі пасля гэтага ашуканыя мінчане пачалі звяртацца з заявамі ў міліцыю.
Цяпер вядомая колькасць пацярпелых складае 15 чалавек, аднак аператыўнікі мяркуюць, што гэта лічба не з’яўляецца канчатковай. У сувязі з гэтым міліцыянеры просяць усіх, хто мог пацярпець ад махлярства школьніка, паведаміць пра сябе ў Першамайскае РУУС.
БелаПАН