У бабрускай дзевяціпавярхоўцы ўзарваўся пад'езд
Учора ў адным з дамоў Бабруйска прагрымеў выбух. Супрацоўнікі МНС вымушаныя былі эвакуяваць 86 жыльцоў. На шчасце, ніхто з іх не пацярпеў.
Каля 11 гадзін раніцы пра выбух дзяжурнаму гарадскога аддзела МНС паведаміла жыхарка дома № 49 па вуліцы Ульянаўскай. Ад удару ў адным з пад'ездаў дома разбурыліся жалезабетонныя пліты над уваходам і на лесвічнай пляцоўцы, у вокнах лесвічнай клеткі і кватэр павылятала шкло, пашкоджаны дзверы сямі кватэр на першым і другім паверхах. На месца здарэння прыбыло 16 адзінак тэхнікі МНС. Сярод 86 жыльцоў дома, якіх тэрмінова давялося эвакуяваць з першага і другога пад'ездаў, было 11 дзяцей.
Як паведаміў прэс-сакратар Магілёўскага абласнога упраўлення МНС Юрый Мятліцкі, высветлілася, што ў тамбуры першага пад'езда знаходзілася два балоны, прызначаныя для правядзення агнявых работ пры ўстаноўцы "Водаканалам" лічыльнікаў вады. У выніку няспраўнасці вентыля аднаго з балонаў адбылася ўцечка газу і выбух. Эвакуяваныя жыльцы часова былі размешчаны сярэдняй школе № 28, пасля іх плануецца часова пасяліць у гасцініцах "Турыст" і "Юбілейная".
Алена АЎЧЫННІКАВА.