Загінуў вядомы вучоны
У мінулую пятніцу член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар Іван Нікітчанка трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне.
Паводле звестак ДАІ УУС Мінаблвыканкама, каля трох гадзін машына прафесара "Фальксваген" на 56-м кіламетры аўтадарогі Мінск—Маладзечна сутыкнулася з грузавіком "Зіл". У гэтай аварыі пацярпеў вучоны, які быў дастаўлены ў бальніцу, але ўрачам, на жаль, не ўдалося выратаваць яго жыццё.
Ігар ГРЫШЫН.
Прышчаміла дзверцамі руку мытніка
Хаваючы кантрабандны тавар, жанчына аказала супраціўленне пагранічнікам. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры Дзяржпагранкамітэта.
Брэсцкія пагранічнікі сумесна з супрацоўнікамі міліцыі на аўтадарозе Маларыта — Кобрын затрымалі аўтамабіль "Нісан". Першае патрабаванне пагранічнага нарада аб спыненні вадзіцель праігнаравала, таму праз 200 м яе ўжо чакаў другі рубеж кантролю, на якім разам з пагранічнікамі працавалі супрацоўнікі міліцыі. Вадзіцелем аказалася 36-гадовая жыхарка Маларыцкага раёна. "Падчас праверкі дакументаў яна раптоўна заціснула руку пагранічніка шклом вадзіцельскай дзверцы, пасля чаго аўтамабіль рэзка пачаў рух. Пагранічнік паспеў свабоднай рукой разбіць шкло і выцягнуць ключы з замка запальвання. Абышлося без ахвяраў", — расказалі ў прэс-цэнтры.
У аўтамабілі былі знойдзены дзве сумкі з кантрабандным адзеннем. У цяперашні час жанчына дае паказанні ў Кобрынскім РАУС.
Збіў нагамі цяжарную
Беспрацоўны з в. Спорава (Бярозаўскі раён) сярод белага дня, на вуліцы, збіў нагамі былую жонку, якая знаходзілася ў дэкрэтным водпуску на 9-м месяцы цяжарнасці.
Ад пабояў у жанчыны цяжарнасць перарвалася. Раней мужчына ўжо быў судзімы за здзекі, а цяпер знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы.
Заведзена крымінальная справа.
Сымон Свістуновіч.