Пенсіянер пазнаў махляра
Прайдзісвет падкладваў старым "катлеты"
Абдураны зламыснікам больш як два месяцы таму 72-гадовы пенсіянер убачыў свайго крыўдзіцеля і выклікаў супрацоўнікаў міліцыі, якія затрымалі 31-гадовага мужчыну, паведаміла прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Ала Галубовіч.
махляры падпільнавалі старога ля сталічнага паштовага аддзялення, дзе ён атрымаў пенсію і накіроўваўся дадому. Невядомы, абагнаўшы пенсіянера, нахіліўся да зямлі і нешта падняў. А потым звярнуўся да чалавека са словамі, маўляў, паглядзіце, я грошы знайшоў, і прапанаваў дасканала агледзець іх у суседнім двары. Ужо там невядомы паклаў пакет у кішэню курткі і прысеў пакурыць. У гэты момант на "сцэне" з'явіўся іншы памагаты махляра, які заявіў пра тое, што гэта ён згубіў грошы, і запатрабаваў у пенсіянера паказаць усю наяўнасць, якую той мае. Не адчуўшы падману, стары даў пералічыць сваю пенсію, якую яму "абураны" грамадзянін праз непрацяглы час вярнуў. А пасля апошні накіраваўся да другога "шчасліўчыка" і дастаў у таго з кішэні нібыта згублены пакет. Паміж імі разгарэлася спрэчка, якая скончылася гульнёй у пагоню: адзін з махляроў, які быццам бы знайшоў грошы, пачаў уцякаць, а другі кінуўся наўздагон. А стары раптоўна выявіў, што ад пенсіі на руках няшмат грошай засталося. устаноўлена дачыненне затрыманага як мінімум да трох аналагічных злачынстваў на тэрыторыі Фрунзенскага раёна сталіцы.
Ігар ГРЫШЫН.