Краў у хворых...
У Мінску затрыманы злодзей, які з бальнічнай палаты "прыхватызаваў" рэчы пацыентаў.
Заявіўся ж 23-гадовы мінчанін у адну з бальніц пад выглядам наведвальніка сваяка, хоць насамрэч ніхто з яго родных там на лячэнні не знаходзіўся. Паводле звестак прэс-афіцэра Маскоўскага РУУС Таццяны Грыб, зламыснік абыходзіў палаты, спадзеючыся на ўдачу, і калі ўбачыў, што ў адной з іх нікога не было, хуценька завалодаў чужымі ноўтбукам, мабільным тэлефонам і лекамі. Між іншым, усё крадзенае злодзей паспрабаваў прадаць на вуліцы, аднак не знайшоў тут пакупнікоў і "загнаў" рэчы па таннай цане на рынку. Калі яго затрымалі, то высветлілася, што падазроны мае дачыненне да крадзяжу з аднаго са сталічных офісаў, дзе ён завалодаў мабільнікам. Мяркуецца таксама, што гэта не адзіны падобны крадзеж затрыманага: цяпер вядзецца праверка, ці не "запэцкаўся" ён у іншых падобных злачынствах. Дарэчы, раней хлопец ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, ён мае судзімасці за крадзяжы і захоўванне наркотыкаў.
Ігар ГРЫШЫН.