"Сабака дома?"
На дзевяць гадоў пазбаўлення волі асуджаны віцяблянін, які займаўся захоўваннем, вырабам, продажам наркотыкаў.
Як паведаміў "Звяздзе" Віталь Сузанскі, старшы пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах і аналізе судовай практыкі пракуратуры Віцебскай вобласці, 42-гадовы беспрацоўны ўжо адбываў тэрмін пакарання за аналагічнае злачынства. Сам ужываў наркотыкі. Самастойна навучыўся рабіць метамфетамін. Што цікава: навучыў жонку пазбаўляцца ад наркотыкаў, калі падазраваў, што за ім сачыла міліцыя. Распрацавалі спецыяльныя "кодавыя фразы". Напрыклад, прыходзіў гаспадар дамоў і, калі па дарозе яго нешта насцярожыла, пры ўваходзе пытаў жонку: "Сабака дома?". Спадзяваліся, што такая канспірацыя будзе надзейнай. Спрабавалі падчас нечаканага візіту аператыўнікаў пазбавіцца ад наркотыкаў: жонка выкінула іх праз акно. Што тычыцца сабакі. Падчас пошуку наркотыкаў аператыўнікі падазравалі, што хаваюць іх і на кухні. Шукалі, шукалі... Ніяк. Толькі міліцэйскі сабака дапамог: наркотыкі схавалі пад ракавінай, ды так, што выцягнуць іх было нялёгка.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.