Агонь згас, а снарад застаўся...
6 ліпеня каля 22 гадзін у бліндажы часоў Першай сусветнай непадалёк ад вёскі Крэва Смаргонскага раёна падчас гарэння вогнішча адбыўся выбух, ад якога на месцы загінуў 18-гадовы жыхар райцэнтра. Згодна з заключэннем медыкаў, смерць наступіла ад вострай страты крыві ў выніку пашкоджання асколкам шыйнай артэрыі.
Яшчэ васьмі маладым людзям ва ўзросце ад 17 да 23 гадоў, якія знаходзіліся каля агню, былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Двое з іх, 20-гадовы студэнт адной са сталічных ВНУ і 18-гадовая навучэнка Маладзечанскага медкаледжа былі шпіталізаваныя, астатніх пасля аказання медыцынскай дапамогі адпусцілі дамоў.
Устаноўлена, што ў бліндажы выбухнуў снарад калібру 76 мм часоў Другой сусветнай вайны, які быў выяўлены паблізу могілак каля вёскі Крэва непрацуючымі мясцовымі жыхарамі Б. і М., 1989 і 1992 гадоў нараджэння. Яны прынеслі яго ў бліндаж і спрабавалі там узарваць, кінуўшы ў агонь. Аднак агонь згас, і снарад там застаўся. Пра гэта не ведала кампанія, якая ліпеньскім вечарам распаліла на гэтым месцы вогнішча...
У ходзе абследавання прылеглай да бліндажу тэрыторыі сапёрна-піратэхнічная група выявіла ў зямлі і потым знішчыла яшчэ пяць аналагічных снарадаў і адзін снарад калібру 122 мм.
Пракуратура Смаргонскага раёна завяла крымінальную справу. Па выніках расследавання Б. і М. былі прад'яўленыя абвінавачванні ва ўчыненні злачынстваў, прадугледжаных па арт. 295 ч.3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, якія здзейсненыя групай асобаў па папярэдняй змове), ч. 1 арт. 144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці) і 155 (прычыненне цяжкага альбо менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Судом Смаргонскага раёна абодва прызнаныя вінаватымі ва ўчыненні гэтых злачынстваў і асуджаныя адпаведна да васьмі і шасці гадоў пазбаўлення волі. Праўда, прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, паколькі абвінавачаныя маюць намер абскардзіць яго ў касацыйнай інстанцыі, паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Асуджаны гульняман з Салігорска
Герой гэтай невясёлай гісторыі (далей — С.) працаваў таваразнаўцам у адной гандлёвай арганізацыі Салігорска. Практычна на працягу года ён самавольна рэалізоўваў электраінструменты і будаўнічыя матэрыялы фірмы. Выручку забіраў сабе і адразу ж марнаваў усю да апошняй капейкі ў гульнявых клубах горада. У выніку яго незаконнай дзейнасці фірме была нанесеная шкода на суму больш як 40 мільёнаў рублёў.
Больш за тое, С. настолькі "падсеў" на азартныя гульні, што, нягледзячы на шматлікія даўгі, учыніў яшчэ адно злачынства. Пад маркай пакупкі кампрэсара для грамадзянкі М. ён атрымаў ад яе 470 долараў, аднак праз некалькі дзён з'ехаў з Салігорска і патраціў грошы на асабістыя патрэбы.
— Суд Салігорскага раёна прызначыў С. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тры гады і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, — паведаміла старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна КАЛІНІНА. — Прысуд уступіў у законную сілу.
Надзея ДРЫЛА.