Страляў у сабак і людзей
Жыхар вёскі Пінкавічы, што пад самым Пінскам, увечары выйшаў на вуліцу і стаў страляць з пнеўматычнай стрэльбы. Спачатку яго мішэнямі былі сабакі, а потым і тыя, хто праходзіў міма. Пацярпеў адзін мінак, яго крыху зачапіла пнеўматычнай куляй.
Хулігана затрымалі. 32-гадовы мужчына тлумачыў у міліцыі, што выйшаў напужаць сабак, якія брахалі і перашкаджалі дзецям спаць. А чаму стаў паліць па людзях, ён не памятае, бо быў нецвярозы. Навошта ж піць да такога стану, каб сябе не помніць? Цяпер, відаць, будзе час, каб падумаць і над гэтым пытаннем: хулігану пагражае пазбаўленне волі.
Збіў дзіця і ўцёкУ Белаазёрску 8-гадовы хлопчык пераходзіў дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе на вуліцы Леніна. Проста на "зебры" на дзіця наляцеў легкавік, збіў і знік з месца аварыі.
Хлопчык атрымаў пералом касцей таза і быў шпіталізаваны. А кіроўцу хутка затрымалі супрацоўнікі ДАІ. У 21-гадовага жыхара вёскі Пескі Бярозаўскага раёна ніколі не было правоў на кіраванне машынай, а аўтамабіль, на якім ён здзейсніў наезд, аказаўся аформлены на знаёмага.
Яна СВЕТАВА.