Жыхар Калінкавічаў, які ўчыніў наўмыснае забойства, адседзеўшы ў турме за аналагічнае злачынства, прыгавораны Гомельскім абласным судом да 18 гадоў пазбаўлення волі, паведамілі ў абласной пракуратуры.
Прыгавор не быў абскарджаны і набыў законную моц.
Згодна з матэрыяламі справы, 36-гадовы рабочы Калінкавіцкага лясгаса ў лютым 2010 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, падчас сваркі, якая ўзнікла пасля распівання спіртных напояў з 35-гадовым калегам,
нанёс яму 36 удараў нажом у вобласць галавы, шыі, грудной клеткі і жывата.
Ад атрыманых раненняў мужчына памёр на месцы.
У судзе было ўстаноўлена, што прычынай забойства з’явілася злоўжыванне спіртнымі напоямі ў дзень учынення злачынства як асуджаным, так і яго ахвярай. Пасля завяршэння працоўнага дня яны з іншымі работнікамі прадпрыемства распілі шэсць пляшак гарэлкі, а затым прадоўжылі распіванне спіртнога па месцы жыхарства асуджанага.
Паводле заключэння судова-псіхіятрычнай экспертызы, забойца пакутуе на псіхічнае расстройства ў форме лёгкай разумовай адсталасці, і яму наогул проціпаказана ўжыванне спіртнога. Ён жыў адзін, замкнута, не мае сяброў, нічым не захапляецца.
Быў асуджаны ў 2005 годзе таксама за забойства. Тады суд прыгаварыў яго да васьмі гадоў пазбаўлення волі, але забойца быў вызвалены
ўмоўна-датэрмінова.
Пракуратура зрабіла вывад, што адміністрацыяй Калінкавіцкага лясгаса і крымінальна-выканаўчай інспекцыяй Калінкавіцкага РАУС, а таксама ўчастковым інспектарам не праводзілася неабходная прафілактычная праца, што і паспрыяла ўчыненню асуджаным рэцыдыўнага забойства.