Яшчэ адна смерць беларуса на беластоцкай дарозе
Сёння ноччу на тым самым месцы, дзе нядаўна ў страшнай аварыі загінулі 5 беларусаў, у лабавым сутыкненні разбіўся 32-гадовы грамадзянін Беларусі. Пра гэта паведамляе сайт беластоцкай паліцыі. Паводле інфармацыі паліцыі, сёння а палове на 1-ю ночы дзяжурны ўправы паліцыі Беластока атрымаў паведамленне, што на нацыянальнай дарозе №8 у раёне вёскі Радулі сутыкнуліся лоб у лоб два аўтамабілі — грузавы «Hyundai» і «Volkswagen Passat B3». Кіроўца «пасату», 32-гадовы беларус, загінуў на месцы, кіроўца грузавіка службы дастаўкі, 38-гадовы паляк, з траўмамі дастаўлены ў шпіталь. Згодна папярэдняй версіі, сутыкненне адбылася пасля выезду легкавіка на паласу сустрэчнага руху. На месцы здарэння утварыўся затор, які трываў каля 5 гадзін.
Цяпер паліцыя высвятляе акалічнасці трагічнага здарэння.
Прэс-аташэ Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку Аляксей Зелянко паведаміў «Нашай Ніве», што ведае пра здарэнне, аднак не мае пакуль поўнай інфармацыі наконт акалічнасцяў здарэння і асобы загінуўшага.
Нагадаем, што ў ноч на 15 верасня 2010 на ўчастку дарогі №8 у раёне вёскі Радулі ў выніку сутыкнення двух беларускіх мікрааўтобусаў з польскай фурай загінулі 5 беларусаў, яшчэ 5 чалавек былі параненыя.
Сямён Печанко, фота www.podlaska.policja.gov.pl