Кіроўцу мікрааўтобуса на пераездзе не хапіла долі секунды
Раніцай 20 верасня на чыгуначным пераездзе ў Гомелі адбылося сутыкненне мікрааўтобуса "Фальксваген Транспарцёр" з манеўровым цеплавозам. Да апошняга быў прычэплены пусты пасажырскі вагон. Як паведамілі ў прэс-службе абласнога ўпраўлення МНС, вядома, што цеплавоз на вялікай хуткасці рухаўся са станцыі Калінкавічы да станцыі Іпуць Гомельскага раёна. "Фальксваген" імкнуўся праскочыць перад цягніком. Машыну зачапіла і працягнула па чыгуначным палатне каля 100 метраў. Аўтамабіль і цеплавоз атрымалі пашкоджанні. Кіроўцу мікрааўтобуса з салона ў непрытомным стане вымалі супрацоўнікі МНС пры дапамозе гідраўлічных аварыйна-выратавальных прылад. Пацярпелага даставілі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі абласнога цэнтра з дыягназам "чэрапна-мазгавая траўма, пераломы правай і левай нагі, скальпаваная рана галавы, удар унутраных органаў". Чыгуначнае палатно ад аварыі не пацярпела, і затрымкі руху цягнікоў не адбылося.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.