Маладыя, закаханыя і...
Як паведаміла прэс-служба Магілёўскага УУС, 12 верасня позна ўвечары ў Магілёўскую гарадскую бальніцу хуткай дапамогі трапіў 16-гадовы хлопец з атручэннем перакісам вадароду і ў нецвярозым стане. Выявілася, што малады чалавек пасварыўся з дзяўчынай і вырашыў развітацца з жыццём, для чаго на прыпынку грамадскага транспарту ў цэнтры Магілёва выпіў перакіс вадароду. Добра, што суіцыд не ўдаўся: брыгада хуткай медыцынскай дапамогі забрала хлопца прама з прыпынку ў бальніцу.
13 верасня позна ўвечары ў Крычаве з 17-гадовым вучнем мясцовага каледжа адбылося непрыемнае здарэнне іншага кшталту, хоць вынік той жа самы — шпіталізацыя. Малады чалавек спрабаваў у інтэрнаце перабрацца з трэцяга паверха на ніжні з дапамогай коўдры. Аднак гэты "кіношны" план не ажыццявіўся: хлопец упаў з вышыні трэцяга паверха і атрымаў траўмы. У цэнтральную раённую бальніцу ён таксама трапіў у стане алкагольнага ап'янення.
Алена Казлова.
У астатняй частцы прыгавор — без змяненняўСудом Брагінскага раёна тры браканьеры прызнаныя вінаватымі ў незаконнай здабычы рыбы, якая пацягнула нанясенне прыродзе шкоды ў асабліва буйным памеры.
Ім было прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на адзін год кожнаму з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, якое, з выкарыстаннем яшчэ аднаго артыкула Крымінальнага кодэкса, не прыводзіцца ў выкананне з выпрабавальным тэрмінам на адзін год. Рэчавыя доказы — надзіманая гумавая лодка, два вяслы, лодачны матор — канфіскаваныя. Прад'яўлена шкода ў суме 3,5 мільёна рублёў. Гэтае рашэнне парушальнікі абскардзілі ў касацыйнай калегіі па крымінальных справах Гомельскага абласнога суда. Яе вызначэннем прыгавор суда Брагінскага раёна зменены — выключаны з рэзалютыўнай часткі прысуду ўказанні аб адбыцці імі пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У астатняй частцы прыгавор пакінуты без змяненняў.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Запрасіў выпіцьРасіянін, індывідуальны прадпрымальнік з Кіраўскай вобласці, вырашыў у в. Парахонск (Пінскі раён) выпіць з 30-гадовай маладзіцай. Запрасіў жанчыну ў аўтамашыну "Вольва", а калі тая пакінула прадпрымальніка, то ён заўважыў, што знікла 23 тыс. расійскіх рублёў. Грошы міліцыя знайшла ў беспрацоўнай з гэтай жа вёскі, якая ўжо пабывала ў калоніі за крадзеж.
Сымон Свістуновіч.
Арсенал на камбінаце хлебапрадуктаўПры правядзенні земляных работ на тэрыторыі камбіната хлебапрадуктаў у Полацку рабочыя знайшлі небяспечныя "жалезкі". Выклікалі сапёраў, і тыя дасталі з зямлі цэлы арсенал: тры гранаты, больш за 280 узрывальнікаў да ручных гранат, нямецкую супрацьпяхотную міну. Знаходку знішчылі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.