У Польшчы ў жудаснай аўтакатастрофе загінулі пяць беларусаў
Як паведаміў прэс-аташэ Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку Аляксей Зелянко, усе загінулыя і параненыя ў аварыі з’яўляюцца грамадзянамі нашай краіны. На дадзены момант паводле звестак польскай паліцыі ў шпіталі Беластоку знаходзяцца чацвёра пацярпелых адзін у цяжкім стане. Аднаго чалавека ў хуткім часе маюць выпісаць. Па інфармацыі генконсульства, адзін з мікрааўтобусаў быў зарэгістраваны ў Гродзенскай вобласці, другі — у Мінскай. Польскія СМІ паведамляюць, што раненні ў аварыі атрымалі пяць чалавек, двое з якіх ад шпіталізацыі адмовіліся.
Паводле папярэдняй інфармацыі, аўтобусы адзін за адным ехалі з Беластока ў напрамку Варшавы. Адзін з аўтобусаў абганяў другога. У гэты момант па сустрэчнай паласе рухаўся грузавік Volvo. Кіроўца фуры паспрабаваў пазбегнуць сутыкнення, але ўсё ж зачапіў мікрааўтобус і той зляцеў на левую ўзбочыну. У ім загінула 46-гадовая беларуска. Пасля першага сутыкнення фура выехала на сустрэчную паласу, дзе пратараніла другі беларускі бус. У ім ад сутыкнення загінулі чатыры чалавекі.
Паводле польскіх СМІ, участак дарогі, дзе адбылася трагедыя, мае дурную славу і нават пазначаны ў гэтым месцы спецыяльнымі знакамі. Абгон на тым участку забаронены.
Паводле www.tvp.info, паліцыя ўстанавіла пакуль толькі адну асобу з пяці загінулых.Фото: gazeta.pl, PAP/Artur Reszko