У Мінску перакулілася маршрутка
Пяць пасажыраў былі дастаўленыя ў бальніцы
Пазаўчора ўвечары многія мінчане сталі сведкамі аўтамабільнай аварыі ў сталіцы. На перакрыжаванні вуліц Арлоўская і Карастаянавай ляжала перакуленая маршрутка. Пакуль супрацоўнікі МНС ліквідавалі магчымасць узгарання, побач дзяжурыла пяць карэт хуткай дапамогі, у тым ліку рэанімабіль. Рух па вуліцы Арлоўскай ад названага скрыжавання ў бок плошчы Бангалор быў цалкам спынены. У адваротным накірунку ўтварылася вялікая пробка.
Як паведаміў "Звяздзе" інспектар аддзела па агітацыі і прапагандзе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Бруй, 9 верасня каля 18.40 адбылося сутыкненне аўтамабіля "Альфа Рамэа" 156 і маршрутнага таксі "Форд Транзіт" (№ 1183 "Ждановічы — Аўтазавадская). "Альфа Рамэа" (ім кіраваў мужчына 1976 г.н.) рухаўся па вуліцы Карастаянавай і на скрыжаванні выконваў левы паварот. Маршрутка рухалася па вуліцы Арлоўскай у кірунку плошчы Бангалор прама праз скрыжаванне. У выніку сутыкнення "Форд Транзіт" з пасажырамі перакуліўся, моцна пашкоджаны быў і аўтамабіль "Альфа Рамэа", праўда, яго кіроўца не пацярпеў.
Пяцёра пасажыраў маршруткі — двое мужчын і тры жанчыны — былі дастаўленыя ў 5-ю і 6-ю гарадскія, а таксама абласную клінічныя бальніцы. Праўда, ва ўсіх аказаліся нязначныя пашкоджанні (яны атрымалі ўдары мяккіх тканін, пазваночніка, закрытыя чэрапна-мазгавыя траўмы лёгкай ступені). Пасля агляду медыкаў яны былі адпушчаныя дадому.
Зараз вядзецца ўдакладненне абставінаў здарэння, падчас якога павінна высветліцца, хто парушыў правілы. Пакуль жа абодва кіроўцы заявілі, што яны праязджалі скрыжаванне на зялёны сігнал святлафора. Адметна, што зусім нядаўна, з 23 жніўня па 1 верасня, Дзяржаўтаінспекцыя праводзіла дэкаду па выяўленні і спыненні парушэнняў правілаў дарожнага руху сярод маршрутных транспартных сродкаў.
Алена АЎЧЫННІКАВА.
Парасяты вярнуліся "дахаты", але не ўсе
Каля чатырох месяцаў таму са свінагадоўчага комплексу "Самаравічы" Зэльвенскага раёна ў невядомым кірунку знікла дваццаць парасят. Гэта адбылося ўначы, нягледзячы на прысутнасць двух вартаўнікоў, якія спакойна драмалі і не перашкодзілі зламыснікам узламаць замок у адным з памяшканняў і здзейсніць крадзеж.
На месцы злачынства засталіся толькі пратэктары аўтамабільных шын. Час ішоў і, здавалася, трэба ўжо забыцца пра гэтых парасят. Але... Аператыўнікам усё ж удалося выйсці на след злодзеяў, жыхароў адной з вёсак Мастоўскага раёна. Праўда, затрымалі толькі аднаго з іх (дарэчы, ён меў дачыненне да крадзяжу з гэтай жа фермы 775 кілаграмаў сухога малака ў 2005 годзе), паколькі яго хаўруснік нядаўна звёў рахункі з жыццём.
Што датычыцца ўкрадзеных з комплексу парасят, то сямнаццаць з іх вярнуліся "дахаты", а трох астатніх на той час ужо не было ў жывых, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Абрабаваў сваю ж фірмуДаволі дзіўнае злачынства зарэгістравана ў Віцебску. 23-гадовы рабочы прыватнага ўнітарнага прадпрыемства скраў апарат для вырабу цукровай ваты, які належыць фірме, дзе ён працуе.
Крадзеж учыніў ноччу на цэнтральнай плошчы Віцебска. Апарат знаходзіўся ў гандлёвай палатцы пад адкрытым небам. Узбуджана крымінальная справа. Скрадзены апарат фірма ацаніла больш чым у 3,2 мільёна рублёў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.