У Столінскім раёне трактар сутыкнуўся з гужавой павозкай, адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін атрымаў цяжкія траўмы.
Як паведамілі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, сутыкненне адбылося 7 верасня ў 21.40 на палявой дарозе недалёка ад вёскі Лядзец.
33-гадовы механізатар мясцовага сельгаспрадпрыемства, які знаходзіўся за рулём трактара «МТЗ-82» з прычэпам, пры сустрэчным раз’ездзе з гужавой павозкай зачапіў яе прычэпам. Ад удару 20-гадовы пастух, які кіраваў павозкай, загінуў на месцы здарэння. 36-гадовы непрацуючы мужчына, што ехаў разам з ім, зваліўся на зямлю. З адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай і рванай ранай галавы ён змешчаны ў Столінскую цэнтральную раённую бальніцу.
Усе ўдзельнікі ДТЗ — жыхары вёскі Лядзец.
Па гэтым факце Столінскім РАУС праводзіцца праверка, вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Павозка была аснашчана святлоадбіўнымі элементамі. Трактарыст быў цвярозы.